Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адбыліся імша ў гонар славутых людзей Беларусі і ўшанаванне памяці Адама Міцкевіча



24 снежня ў мінскім Чырвоным касцёле адбылася святая імша ў гонар ўсіх славутых людзей Беларусі.

Гэты дзень з`яўляецца таксама датай нараджэння выдатнага польскага паэта, ураджэнца Беларусі Адама Міцкевіча — вядомага ўсяму свету аўтара паэм "Пан Тадэвуш" і "Дзяды".

Адразу пасля набажэнства вернікі прайшлі ў сквер Міцкевіча, дзе знаходзіцца помнік паэту.

"Сёння мы сабраліся разам, каб праз Адама Міцкевіча выказаць удзячнасць усім славутым людзям, якія жылі на Беларусі, за іх уклад у будучыню Бацькаўшчыны, — звярнуўся да вернікаў настаяцель Чырвонага касцёла, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк. — Няхай добры Бог узнагародзіць і адорыць іх ласкай і вечнай радасцю. Няхай яны з высокасці неба заступаюцца за нас, абуджаючы ў нашых пакаленнях менавіта такіх добрых, у будучыні славутых людзей, якія б ставілі свае цаглінкі ў падмурак будучыні Беларусі".

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз-прэлат Андрэй Стацкевіч адзначыў, што гэта ўжо стала цудоўнай традыцыяй — сустракацца каля помніка Міцкевічу ў дзень нараджэння паэта. "Творчасцю і жыццём святы Адам завяшчаў нам патрыятызм, сваё адкрытае сэрца і тое, што заахвочвае людзей да пошуку радасці, волі, праўды", — сказаў ён.

Ля помніка спяваліся калядкі. Прысутныя дзяліліся аплаткай і віншавалі адзін аднаго з надыходзячым Божым Нараджэннем, чыталі вершы Адама Міцкевіча.

БелаПАН, 24 снежня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/823/24487
Текущая дата: 19.11.2024