Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі зацверджаны пералік прадпрыемстваў, якія нельга банкруціць



У Беларусі зацверджаны пералік прадпрыемстваў, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі і іншыя важныя дзяржаўныя патрэбнасці.

Пералік зацверджаны пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 964 ад 11 лістапада 2013 года, якая ўступіла ў сілу пасля апублікавання на Нацыянальным прававым партале.

У пераліку 101 юрыдычная асоба, яны пералічаны па прынцыпу ведамаснага падпарадкавання. Сярод сямнаццаці груп самая вялікая (26 пазіцый) - прадпрыемствы Мінпрама, у тым ліку "Атлант", БелАЗ, "Віцязь", "Інтэграл", МТЗ і іншыя гіганты прамысловасці. Другая па колькасці група (20 пазіцый) падведамная Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту, сярод прадпрыемстваў - "Агат", "Волат", "Радар", "Пеленг". У пераліку таксама 10 прадпрыемстваў "Белдзяржхарчпрама", сярод якіх вытворцы цукру і алкаголю. Канцэрн "Белнафтахім" прадстаўлены 9 юрыдычнымі асобамі, сярод якіх вытворцы калійных і азотных угнаенняў, хімічных валокнаў, шын, нафтапрадуктаў.

Гэты пералік зацверджаны ў мэтах рэалізацыі закона "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)" ад 13 ліпеня 2012 года. У адпаведнасці з артыкулам 3 гэтага закона да названых у пераліку прадпрыемстваў заканадаўства аб банкруцтве не прымяняецца, за выключэннем некалькіх артыкулаў, рэгулюючых пытанні аказання дапамогі.

Як расказаў дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкруцтву Міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандр Міранічэнка, прыняцце гэтага закона і зацвярджэнне адпаведнага пераліку юрыдычных асоб з`яўляюцца працягам практыкі прымянення ў краіне працэдуры банкруцтва пад кантролем дзяржавы. Прадпрыемствы для ўключэння ў пералік адбіраліся ў адпаведнасці з пэўнымі крытэрыямі, якія таксама выпрацоўваліся з удзелам усіх зацікаўленых органаў дзяржкіраваня. Атрыманы пералік, паводле ацэнкі Аляксандра Міранічэнкі, у некалькі разоў меншы за папярэднія такія дакументы, і гэта тыя прадпрыемствы, без якіх функцыянаванне эканомікі сапраўды немагчыма.

Кантроль за механізмамі банкруцтва ў Беларусі прымяняецца згодна з указам Прэзідэнта ад 12 лістапада 2003 года нумар 508 "Аб некаторых пытаннях эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва"). Некаторыя моманты былі дапрацаваны і адаптаваны да рэалій указам нумар 328 ад 25 чэрвеня 2010 года "Аб некаторых мерах па аптымізацыі правядзення працэдур эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва)". У новай рэдакцыі закона ўсе асноўныя палажэнні ўказаў знайшлі сваё адлюстраванне ў мэтах выканання галоўнай задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы, - не дапусціць бескантрольнага прымянення механізма банкруцтва для абароны эканамічных інтарэсаў Беларусі. Гэта рэалізавана праз дзейнасць камісій, створаных пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. Як адзначыў Аляксандр Міранічэнка, кожнае прадпрыемства пад кантролем гэтых камісій яшчэ на ранняй стадыі праходзіць сур`ёзнае папярэджанне неплацежаздольнасці - не толькі прадастаўленне фінансавай дапамогі і адпаведных ільгот, але перш за ўсё мер мадэрнізацыі і фінансавага менеджменту.

Як падкрэсліў Аляксандр Міранічэнка, работа камісій была адпрацавана яшчэ задоўга да вядомых крызісных з`яў канца першага дзесяцігоддзя гэтага стагоддзя і прадаўжае адыгрываць сваю станоўчую ролю і цяпер. Улічваючы ўсю створаную сістэму, практычнае значэнне згаданага пераліку сёння не такое важнае, як раней. Ахоўныя меры спрацоўваюць на этапе больш раннім, чым можа пачацца працэдура банкруцтва. Аднак занясенне юрыдычных асоб у гэты пералік, на думку дырэктара дэпартамента, своеасаблівы знак і для органаў дзяржкіравання, і для саміх прадпрыемстваў і іх работнікаў, што яны павінны ўзмоцнена вырашаць усе пытанні, звязаныя з развіццём гэтага прадпрыемства. Аляксандр Міранічэнка выказаў упэўненасць, што нават калі пералік адмяніць, то верагоднасць узбуджэння ў адносінах да пералічаных прадпрыемстваў працэдуры банкруцтва імкнецца да нуля, паколькі найперш спрацуюць механізмы аздараўлення яго эканамічнага стану. Аднак гаворачы аб магчымых перспектывах адмены такога пераліку, Аляксандр Міранічэнка паведаміў, што гэта пытанне таксама прапрацоўваецца і пакуль негатыўныя фактары ад такога рашэння мелі б перавагу над пазітыўнымі.

Яшчэ адно практычнае значэнне пераліку - гэта своеасаблівая гарантыя ўрада, сігнал усім арганізацыям, якія супрацоўнічаюць з канкрэтным прадпрыемствам, што гэта надзейнае прадпрыемства, што яго плацежаздольнасць будзе гарантавана падтрымана.

18 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/826/24099
Текущая дата: 19.11.2024