Белорусский портал в Казахстане

Выдавецкі праект "Сугучча сэрцаў" з`яўляецца пляцоўкай для міжнароднай літаратурнай дыпламатыі



Такую думку 11 лістапада ў час круглага стала "Сугучча: сучаснае міжнароднае літаратурнае супрацоўніцтва на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў" выказаў дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч.

"Сугачча сэрцаў" - новая кніжная серыя "Выдавецкага дома "Звязда", якая была створана за 2013 год. Яе мэта - пазнаёміць чытача з лепшымі творамі, напісанымі ў асноўным у постсавецкі час паэтамі і празаікамі - прадстаўнікамі краін, што ўваходзяць у СНД. Праект складаецца з адзінаццаці кніг. Зборнікі складзены наступным чынам: адна частка прадстаўляе літаратуру той або іншай краіны, другая - сучасныя беларускія творы. Выпуск кніг прымеркаваны да старшынства Беларусі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Прэзентацыя серыі адбылася ў Быхаве на Дні беларускага пісьменства.

"Гэта не тыя кнігі, якія спякліся толькі ў беларускай печцы, у нашым выдавецтве, а гэта кнігі, створаныя міжнародным пісьменніцкім супольніцтвам", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Кнігі з серыі "Сугучча сэрцаў" прэзентаваліся ўжо на выстаўках у Расіі, Украіне, Германіі, Азербайджане.

Складальнік серыі "Сугучча сэрцаў" галоўны рэдактар часопіса "Неман" Алесь Бадак адзначыў, што літаратурны праект узбагаціў беларускую культуру. "Мы знайшлі тое культурнае супрацоўніцтва, аб якім нават не здагадваліся. Заўсёды знаходзяцца тэмы, якія звязвалі Беларусь і іншыя краіны. Аказалася, што гэта складана аднавіць, але магчыма. Серыя выйшла на рускай мове - мове, якую мы разумеем ва ўсіх краінах СНД", - сказаў Алесь Бадак. На яго думку, серыя "Сугучча сэрцаў" стане зыходным пунктам рэалізацыі новых літаратурных праектаў.

13 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/827/24077
Текущая дата: 19.11.2024