Белорусский портал в Казахстане

У Мінску памёр апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч



Аб гэтым паведаміў яго таварыш Віктар Карняенка. "Паўгадзіны таму мне паведамілі, што ён памёр, так і не дачакаўшыся донарскай печані", — сказаў Карняенка.

3 кастрычніка ў Мінску пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр вядомы апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч — лідар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух".

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Мінску. У 1991 годзе скончыў завочна факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

З пачатку 1980-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у маладзёжным нацыянальным руху, нефармальных аб`яднаннях "Майстроўня" і "Талака".

Віктара Івашкевіча лічылі адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый. У іх ліку — марш-пратэст па Заходняй Дзвіне-Даўгаве (разам з аднадумцамі з Латвіі) супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС 1987 года, экалагічны марш па Прыпяці — адна з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту 1988 года, забастоўка вадзіцеляў гарадскіх аўтобусаў у Мінску 1989 года. У 1991 годзе Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння страйкамаў на мінскіх прадпрыемствах.

З 1988 года — у Беларускім народным фронце. Да 1996 года Віктар Івашкевіч быў сакратаром Управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ.

Уваходзіў у групу лідараў БНФ, якія адкрыта, хаця і няўдала, выступілі з крытыкай Зянона Пазняка на з`ездзе партыі летам 1996 года. Восенню 1996 года пакінуў пасаду сакратара Управы БНФ, але не спыніў членства ў гэтай палітычнай партыі.

З 1997 года Віктар Івашкевіч быў рэдактарам газеты "Рабочий", з 1999-га — віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Палітык неаднаразова асуджаўся да адміністрацыйных пакаранняў у выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб`яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 года асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула "Злодзей павінен сядзець у турме", у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Віктар Івашкевіч з`яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнта ад "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Саннікава. Неўзабаве пасля выбараў, у лютым 2011 года, Івашкевіч разам з групай іншых членаў Партыі БНФ выйшлі з яе радоў у знак нязгоды з дзеяннямі экс-кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і аб`явілі аб стварэнні нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Беларускі рух".

Віктар Івашкевіч узначаліў аргкамітэт новай партыі. Сярод прыярытэтаў "Беларускага руху" называлася барацьба за вызваленне палітзняволеных, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да кіруючай эліты Беларусі.

У Віктара Івшкевіча засталіся жонка і дарослы сын.

Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 3 кастрычніка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/829/23702
Текущая дата: 19.11.2024