Белорусский портал в Казахстане

Дзве групы нелегальных мігрантаў за мінулыя выхадныя дні затрымалі беларускія памежнікі на польскім напрамку



Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.

Вечарам 26 верасня на падставе аператыўнай інфармацыі ў Гродзенскім раёне за 800 м ад лініі дзяржмяжы за спробу яе парушэння памежны нарад спыніў трох грамадзян Грузіі. Выхадцы з Каўказа імкнуліся трапіць у Еўропу ў пошуках лепшых умоў жыцця.

Чацвёра грамадзян В`етнама, затрыманыя раніцай 27 верасня ў Бераставіцкім раёне, вырашылі пайсці на хітрасць. На кантрольна-следавой паласе яны пакінулі дзве дарожкі, перамяшчаючыся след у след, перакусілі ніткі ў сігналізацыйным комплексе. У момант затрымання да лініі беларуска-польскай мяжы тром мужчынам заставалася прайсці прыблізна 400 метраў. Чацвёртага іх суайчынніка ўдалося выявіць падчас аблёту ўчастка на верталёце.

У адзіночку дзейнічаў грамадзянін Сірыі, які спрабаваў трапіць у Польшчу раніцай 29 верасня. 31-гадовага мігранта ўдалося выявіць дзякуючы пільнасці добраахвотнага дружынніка. Малады сірыец разлічваў цераз Польшчу трапіць у Германію, дзе нібыта жыве яго сям`я.

Грамадзяне Грузіі, В`етнама і Сірыі прызнаныя парушальнікамі дзяржаўнай мяжы, з імі праводзіцца разбор.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 30 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/830/23599
Текущая дата: 19.11.2024