Белорусский портал в Казахстане

Творчыя калектывы з 17 краін прымуць удзел у VII Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва "Сожскi карагод", які пройдзе ў Гомелі 13-15 верасня



Аб гэтым паведаміла выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярына Дзегцярова.

У прыватнасці, чакаецца прыезд артыстаў з Сербіі, Балгарыі, Індыі, краін Балтыі, Украіны, Расіі і інш. Сярод іх аматарскія харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага танца, сучаснай харэаграфіі, выканаўцы спартыўных бальных танцаў. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 14 верасня на стадыёне "Цэнтральны". Плануецца, што святочнае шоу збярэ больш як 2 тыс. артыстаў.

Конкурсныя праграмы калектываў стартуюць 13 верасня. У прыватнасці, на пляцоўцы Гарадскога цэнтра культуры пройдуць выступленні па народна-сцэнічнаму танцу, конкурс балетмайстарскіх работ. У гэты ж дзень падарункам для гамяльчан стануць спектакль пластычнага тэатра "Вясёлка" з Кіева, канцэрт ансамбля песні і танца данскіх казакоў (Растоў-на-Доне), сваю творчасць таксама прадставіць эстрадна-цыркавая студыя "Джын Рох" з Херсона. На працягу фестывальных дзён яшчэ выступяць беларуская спявачка Вікторыя Алешка, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі і калектывы з Казахстана і інш.

"Праграма "Сожскага карагода" будзе вельмі насычаная і яркая. Выступленні артыстаў і конкурсы будуць праходзіць не толькі на галоўных сцэнічных пляцоўках горада, але і на вуліцах абласнога цэнтра. Плануецца тэатралізаванае шэсце і вогненнае шоу, упершыню пройдзе майстар-клас па беларускаму танцу. Несумненна, у фестывальныя дні, якія яшчэ супадуць і са святам горада, кожны жыхар і госць Гомеля зможа знайсці забаву на свой густ", - пераканана Кацярына Дзегцярова.

Фестываль праводзіцца ў мэтах захавання, развіцця і прапаганды харэаграфіі як аднаго з відаў мастацтва, вывучэння сучасных працэсаў у сусветнай харэаграфіі, пашырэння і ўмацавання міжнацыянальных творчых сувязей, узаемадзеяння нацыянальных культур, развіцця фестывальнага руху ў сферы харэаграфіі. Конкурсная праграма форуму прадугледжвае тры намінацыі: "Сучасная харэаграфія", "Народна-сцэнічны танец", "Эстрадны танец".

Заснавальнікі форуму - Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.

11 верасня 2013, Гомель
Таццяна Болгава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/832/23350
Текущая дата: 19.11.2024