Белорусский портал в Казахстане

Вядучымі фінальнага шоу рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для "Еўрабачання" стануць Алена Ланская і Дзмітрый Калдун



Аб гэтым паведаміла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

"Вядучымі канцэрта стануць Алена Ланская і Дзмітрый Калдун - удзельнікі дарослага міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне" 2013 і 2007 гадоў. Алена і Дзмітрый таксама выканаюць свае папулярныя песні для гасцей студыі і тэлегледачоў", - сказала Святлана Смалонская-Краскоўская.

Яна таксама адзначыла, што ў гэтым годзе ўсе канкурсанты вельмі моцныя, відавочнага лідара няма. Ва ўсіх фіналістаў ёсць групы падтрымкі, фанаты, якія сябруюць паміж сабой і актыўна перапісваюцца ў сацыяльных сетках.

Шоу адбудзецца 4 кастрычніка і будзе трансліравацца ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і міжнародным спадарожнікавым тэлеканале "Беларусь 24". Пераможца фіналу, які прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2013" у лістападзе ў Кіеве (Украіна), будзе названы па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Па выніках жараб`ёўкі канкурсанты выступяць у наступнай паслядоўнасці: Руслан Асланаў (Мінскі раён, вёска Тарасава) з песняй "Зоркі клічуць", Ангеліна Піпер (Брэсцкая вобласць, вёска Астрамечава) з кампазіцыяй "Мы танцуем джаз", Ксенія Церашонак (г.Мінск) выканае "Пад ветразем мары", Даная Шаршавіцкая (Мінская вобласць, г.Барысаў) - "Просты матыў", Ігар Мураўкін (Мінскі раён, п.Калодзішчы) - "Шукальнікі шчасця", Юлія Мажылоўская (г.Мінск) - "Мары", Уладлен Іваноў (Магілёўская вобласць, г.Бабруйск) - "Белыя воблакі", Ілья Волкаў (г.Мінск) - "Спявай са мной", Надзея Місякова (г.Мінск) - "Дзелавая", Ганна Зайцава (г.Мінск) - "Мы помнім".

Арганізатарам рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання" выступае Белтэлерадыёкампанія.

19 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/832/23455
Текущая дата: 19.11.2024