Белорусский портал в Казахстане

Канцэпцыя новай Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь будзе распрацавана ў 2014 годзе



Аб гэтым паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак на анлайн-канферэнцыі "Дзяржпадтрымка сем`яў з дзецьмі", праведзенай на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

"У канцэпцыі будуць вызначаны напрамкі дэмаграфічнага развіцця нашай краіны, - адзначыў намеснік міністра. - Праект самой праграмы будзе прадстаўлены ў 2015 годзе".

Паводле слоў Аляксандра Румака, у Беларусі ў першым паўгоддзі бягучага года захавалася тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці як у гарадскіх, так і ў сельскіх паселішчах.

Самы высокі агульны каэфіцыент нараджальнасці ў студзені-чэрвені гэтага года быў у Брэсцкай вобласці (12,7 на 1 тыс. жыхароў), самы нізкі - у Віцебскай вобласці (10,7 праміле). Больш за ўсё дзяцей нарадзілася ў Мінску і Мінскай вобласці. У сталіцы з`явіліся на свет 10 тыс. 974 дзіцяці, што на 4,6 працэнта больш, чым у студзені-чэрвені мінулага года, а ў Мінскай вобласці - 8 тыс. 857 дзяцей (рост на 5,3 працэнта). Сярод абласных цэнтраў рэспублікі лідарам з`яўляецца Гомель, дзе нарадзіліся 2 тыс. 705 дзяцей (рост на 6,5 працэнта).

Больш за ўсё дзяцей нарадзілася ў першым паўгоддзі ў Мінскім (1 тыс. 339 дзяцей), Барысаўскім (1 тыс. 63), Лідскім (894), Маладзечанскім (857), Салігорскім (846), Мазырскім (793), Аршанскім (782) і Жлобінскім (751) раёнах. Менш за ўсё нованароджаных было ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці (64 дзіцяці), у Расонскім і Ушацкім раёнах Віцебскай вобласці (па 66 дзяцей).

27 жніўня 2013, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/836/22943
Текущая дата: 19.11.2024