Белорусский портал в Казахстане

Мастацкая выстаўка "Слова" і кніжная "Спачатку было слова", прысвечаныя 1150-годдзю славянскага пісьменства, адкрыюцца 22 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі



Аб гэтым паведамілі ў бібліятэцы.

З дапамогай выстаўкі "Слова", якая пачне працаваць у галерэі "Лабірынт", наведвальнікі змогуць даследаваць феномен ўзаемапранікнення выявы і тэксту ў сучасным беларускім мастацтве. Як адзначылі ў бібліятэцы, з`ява, уласцівая славянскай культуры з глыбокай старажытнасці, - вытанчаная каліграфія старажытных рукапісных кніг з іх мудрагелістымі літарамі і маляўнічымі мініяцюрамі не забываецца і ў сучаснай Беларусі.

Прадаўжальнікамі мастацтва "прыгожага пісьма" з`яўляюцца члены мастацкага аб`яднання "Літарт" на чале з лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне" прафесарам Паўлам Семчанкам, чые творы зоймуць ганаровае месца на выстаўцы. Да беларускіх майстроў далучыцца майстар з Кітая Лі Цзо. На адкрыцці выстаўкі ён разам з вядомым беларускім мастаком Генадзем Мацурам дасць майстар-клас па мастацтву каліграфіі.

Акрамя таго, у экспазіцыі будуць прадстаўлены дызайнерскія майкі беларускага мастака Уладзіміра Цэслера, палотны жывапісца Анатоля Кузняцова, тэкставыя канцэптуальныя работы фотамастака Ігара Саўчанкі. Тут жа можна будзе ўбачыць арт-кнігі, створаныя ў адзінкавых экзэмплярах, якія прадставяць мастак Міхаіл Барздыка і паэт Міхаіл Башлакоў, чые сумесныя творы ў 2004 годзе ўвайшлі ў лік ста лепшых кніг свету на Франкфурцкім кніжным кірмашы (Германія) і атрымалі залаты медаль у 2006 годзе на міжнародным конкурсе ў Бельгіі.

Тэматычная кніжная выстаўка "Спачатку было слова" адкрыецца 22 жніўня на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У яе рамках увазе наведвальнікаў будзе прадстаўлена амаль 200 кніг, якія расказваюць аб узнікненні і развіцці пісьменства на славянскіх землях. Асноўную частку экспазіцыі складуць кнігі аб гісторыі кірылічнага пісьменства і выдатных беларускіх асветніках.

Мастацкая выстаўка "Слова" будзе працаваць да 13 кастрычніка, кніжная выстаўка "Спачатку было слова" прадоўжыцца да 30 снежня 2013 года.

20 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/838/22828
Текущая дата: 19.11.2024