Белорусский портал в Казахстане

За прыпіскі падчас уборкі ўраджаю восем службовых асоб сельгасарганізацый Магілёўскай вобласці прыцягнуты да адказнасці



Парушэнні выяўлены ў ходзе праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці, паведаміла прэс-служба КДК.

Скажэнні аператыўнай справаздачнасці аб ходзе ўборкі ўраджаю выяўлены ў Быхаўскім і Глускім раёнах. Так, Быхаўскі райсельгасхарч у прадстаўленай вобласці справаздачнасці ў канцы чэрвеня завысіў на 639 га не толькі плошчы ўбраных збожжавых культур, але і прыпісаў да іх валавога збору 2.835 тон збожжа, а таксама павялічыў аб`ёмы нарыхтоўкі сена і сіласу, дадаўшы да рэальных яшчэ і "віртуальныя" 4,6 тыс. тон і 9,4 тыс. тон адпаведна. Па прыкладзе райсельгасхарча быхаўскі СВК "Следзюкі" завысіў аб`ёмы намалоту збожжа на 889 тон (80% ад фактычна ўбранага), а СВК "Быхаўскі" — нарыхтоўкі сена на 519 тон (95% ад нарыхтаванага).

У Глускім раёне парушэнні выяўлены ў СВК "Калгас "Слаўгарадскі". У справаздачы райсельгасхарчу гаспадарка наўмысна завысіла ўраджайнасць збожжавых культур на 6 ц/га за кошт заніжэння ўбраных плошчаў і павелічэння на іх валавога збору збожжа.

Некаторыя іншыя парушэнні выяўлены КДК ва ўсіх правераных сельгасарганізацыях пяці раёнаў вобласці. Найбольш тыповымі з іх сталі неналежная падрыхтоўка матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак да палявых работ, парушэнні тэхналагічных рэгламентаў пры ўборцы збожжавых культуры і нарыхтоўцы кармоў, непрыняцце належных мер па захаванасці ўраджаю.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 13 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/840/22674
Текущая дата: 19.11.2024