Белорусский портал в Казахстане

У студзені-чэрвені сярэдні заробак у Менску — 6 мільёнаў 189 тысяч рублёў



Пра гэта паведаміла 9 жніўня начальнік упраўленьня занятасьці насельніцтва Тацяна Кудзевіч.

Намінальная налічаная заработная плата менчукоў за студзень — чэрвень 2013 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2012 году павялічылася на 47,1% — да 6 мільёнаў 189 тысяч рублёў, паведаміла 9 жніўня на паседжаньні калегіі Камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму начальнік упраўленьня занятасьці насельніцтва Тацяна Кудзевіч. Гэта каля 695 даляраў.

«Маніторынг узроўню аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый сталіцы паказаў, што ў студзені — чэрвені 2013 году іх сярэднямесячная заработная плата склала 4 мільёны 419,5 тысячы рублёў. Гэта на 28,6% ніжэй за сярэднямесячную заработную плату па Менску», — адзначыла чыноўніца.

Заработная плата работнікаў у галіне аховы здароўя склалася на ўзроўні 4 мільёнаў 402,7 тысячы рублёў, адукацыі — 4 мільёнаў 46,5 тысячы. Працаўнікі сфэры камунальных, сацыяльных і пэрсанальных паслуг у сярэднім зарабляюць па 5 мільёнаў 240,2 тысячы рублёў.

Радыё Свабода, 9 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/841/22632
Текущая дата: 19.11.2024