Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць "кіравання сітуацыяй падчас выбараў"



Змяненні ў выбарчым заканадаўстве павінны быць узважанымі і ў інтарэсах беларускага народа, а не дзеля спаборніцтва з іншымі краінамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства.

"Як і дамаўляліся ў студзені, мы яшчэ раз сустракаемся і абмяркоўваем пытанні ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Я лічу, сённяшняя гутарка будзе канчатковай перад унясеннем праекта закона ў парламент", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У падрыхтаваным праекце, адзначыў Лукашэнка, знайшлі адлюстраванне ўхваленыя на студзеньскай нарадзе прапановы па аптымізацыі выбарчага працэсу. "Паколькі праектам закона закранаюцца вельмі важныя для выбарчай сістэмы пытанні, рашэнне пра неабходнасць яго ўнясення ў Палату прадстаўнікоў у прапанаванай рэдакцыі павінна быць максімальна прадуманым", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, важна ўлічыць усе магчымыя наступствы прапанаваных мер і дакладна ўяўляць сабе механізм іх рэалізацыі. "Калі мы ідзём на нейкае паслабленне, то павінны быць упэўненыя, што гэта не адаб`ецца негатыўна на стабільнасці ў краіне і магчымасці кіраваць сітуацыяй падчас выбараў", — сказаў ён, дадаўшы, што "ніякага самавольства і бескантрольнасці быць не павінна".

"Ведаю, што шэраг палажэнняў праекта падтрыманы не ўсімі, — заўважыў Лукашэнка. — Пярэчанні выклікаюць нормы пра змяненне парадку фінансавання выбарчых кампаній кандыдатаў. У прыватнасці, пра павелічэнне памераў выбарчых фондаў і магчымасць іх стварэння на этапе вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў".

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў калегіяльна абмеркаваць законапраект у цэлым, а таксама асобныя яго палажэнні, якія выклікалі рознагалоссі сярод удзельнікаў папярэдняй нарады. "Каб прыняць узважаныя рашэнні, якія ў поўнай меры адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы, мы сёння і сабраліся", — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка прапанаваў не ствараць "нейкія скачкі, каб бегчы з кімсьці навыперадкі": "Давайце не будзем прыспешваць час і паспрабуем ісці ў нагу з падзеямі і асабліва сталасцю нашага грамадства. І давайце будзем вырашаць тыя пытанні, якія сёння наспелі, не выдумляючы нейкіх новых, спасылаючыся на новыя дэмакратычныя ці старыя дэмакратычныя дзяржавы і працэдуры".

"Мы жывём у сваёй краіне, ёсць праблема, ёсць пытанне — давайце вырашаць. Няма праблемы, няма пытання — давайце не будзем ствараць гэтыя праблемы і пытанні. Выбары, іншыя кампаніі праходзяць у Беларусі для беларускага народа і ў імя гэтага народа. І вырашаць гэтыя праблемы, якія мы сёння будзем абмяркоўваць, павінен беларускі народ. Мы павінны ўсё рабіць так, як сёння жадае народ, які жыве ў нашай краіне", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Змены ў выбарчае заканадаўства абмяркоўваліся на нарадзе 31 студзеня. Па выніках нарады прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што з канцэптуальных пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, большасцю ўдзельнікаў не была падтрыманая ініцыятыва аб даванні рэспубліканскім грамадскім арганізацыям права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. На думку кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, адмова ад гэтай ідэі, акрамя іншага, задаволіць палітычных апанентаў улады, якія актыўна выказваліся супраць гэтага новаўвядзення.

Іншыя ініцыятывы ЦВК у цэлым былі падтрыманыя. У іх ліку — пераход да прынцыпу адноснай большасці на парламенцкіх выбарах ужо ў першым туры, што дазволіць спрасціць выбарчую кампанію і скараціць расходы. Абмяркоўвалася таксама прапанова аб павелічэнні асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў і дазволе стварэння такіх фондаў для кандыдатаў у дэпутаты мясцовага ўзроўню.

Шэраг прапаноў быў звязаны з увядзеннем некаторых папераджальных мер у перадвыбарную агітацыю, у тым ліку адносна працэдуры байкоту. Удзельнікі нарады пагадзіліся з прапановамі ЦВК пра тое, што гэтая дзейнасць, скіраваная на зрыў выбараў, павінна быць выведзеная з выбарчага заканадаўства і з перадвыбарнай дзейнасці як такой і весціся асобна, але не кандыдатамі ў дэпутаты.

Была падтрыманая і прапанова аб тым, каб выраб улётак і плакатаў кандыдатамі аплачваўся за кошт асабістых сродкаў, а не бюджэту. Вызваленыя рэсурсы плануецца перадаць выбаркамам для больш шырокага інфармавання выбаршчыкаў пра кандыдатаў. Гэта звязана са скаргамі грамадзян пра недастатковы аб`ём інфармацыі напярэдадні выбараў.

Акрамя таго, у студзені было заяўлена пра магчымасць змянення правіл правядзення мясцовых выбараў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/842/22550
Текущая дата: 19.11.2024