Белорусский портал в Казахстане

Вучэнні па забеспячэнні ядзернай бяспекі прайшлі на БелАЭС



Вучэнні па забеспячэнні ядзернай бяспекі прайшлі на Беларускай атамнай электрастанцыі, паведамілі ў прэс-службе МНС.

У ведамстве адзначылі, што ў рамках тактыка-спецыяльных вучэнняў па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва ў Астравецкім раёне паказана практычная работа групы па ліквідацыі аварыі на рэактарным абсталяванні. Адпрацаваны таксама дзеянні групы радыяцыйнай разведкі, у час якіх паказаны магчымасці перасовачнай радыелагічнай лабараторыі.

Удзельнікі вучэнняў, якія праходзілі на БелАЭС, адпрацавалі алгарытм дзеянняў пры тушэнні вертыкальнага стальнога рэзервуара з дызпалівам ва ўмовах радыеактыўнага заражэння мясцовасці. Для гэтага выкарыстоўваліся сучасныя тэхнічныя сродкі, якія ёсць у органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

Тактыка-спецыяльныя вучэнні па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва прайшлі ў рамках сумеснага спецыяльнага вучэння выратавальных падраздзяленняў дзяржаў — членаў АДКБ «Скала-2023» (гэта частка сумесных вучэнняў войскаў АДКБ «Баявое братэрства». «Баявое братэрства» праходзіць у Беларусі з 1 па 6 верасня. Сумесныя і спецыяльныя вучэнні ўключаюць падрыхтоўку розных кампанентаў войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ. Манеўры праходзяць на палігонах і ўчастках мясцовасці Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Звязда, 4 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/85/70931
Текущая дата: 19.11.2024