Белорусский портал в Казахстане

Арт-праект "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі" адкрываецца 7 мая ў Віцебску



Пра гэта паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.

Віцебск сустракае эксклюзіўны арт-праект "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў". Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 7 мая ў Мастацкім музеі абласнога цэнтра.

У горад на Дзвіне арт-праект прыбыў у пашыраным, "зорным" складзе. У экспазіцыю ўвайшлі лепшыя творы Марка Шагала: карціна "Закаханыя", якая з`яўляецца адной з жамчужын карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, жывапіс і графіка гэтага вялікага майстра. Не меншай увагі публікі заслугоўвае работа Хаіма Суціна "Вялікія лугі ў Шартры", якая знаходзілася на рэстаўрацыі пасля экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. На выстаўцы таксама будуць прадстаўлены творы іншых вядомых аўтараў. Пры гэтым арганізатары, захоўваючы інтрыгу, абяцаюць прадставіць на адкрыцці экспазіцыі ў Віцебску работу новага аўтара, якая нядаўна папоўніла калекцыю арт-праекта.

Убачыць карціны мастакоў - выхадцаў з Беларусі, чые работы вярнуліся ў нашу краіну праз 100 гадоў, жыхары і госці Віцебска змогуць з 7 мая да 30 ліпеня. У далейшым праект прадоўжыць сваё падарожжа па абласных цэнтрах.

Вядомы французскі мастацтвазнавец Андрэ Варно першы ўвёў ва ўжытак тэрмін "Парыжская школа", які вызначыў групу мастакоў, што працавалі ў Парыжы ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя ў стылі постімпрэсіянізму, кубізму і фавізму. Да гэтай групы належалі як французскія мастакі, напрыклад П`ер Банар, так і іншаземцы - Пабла Пікасо, Амедэа Мадыльяні, Піт Мондрыян. Многія з іх, у тым ліку мастакі з Беларусі Марк Шагал, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Цадкін, Якаў Балглей, Восіп Любіч, Яўген Зак, Роберт Генін, працавалі ў Парыжы ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі ў стылі сюррэалізму і экспрэсіянізму. І, магчыма, самыя яркія і выразныя крокі ў гэтым напрамку жывапісу зрабілі менавіта выхадцы з Беларусі, якія атрымалі пачатковую мастацкую адукацыю на радзіме.

Ініцыятарам і непасрэдным удзельнікам працэсу вяртання карцін мастакоў Парыжскай школы, якія нарадзіліся ў Беларусі і сталі сусветна вядомымі, выступіў Белгазпрамбанк. Яго карпаратыўная калекцыя прызнана самым буйным зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

7 мая 2013, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/852/20981
Текущая дата: 19.11.2024