Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя педагогаў з Латвіі вывучае вопыт сістэмы адукацыі Мінскай вобласці



Дэлегацыя педагогаў з устаноў адукацыі Марупскага края Латвійскай рэспублікі з 11 па 13 красавіка вывучае вопыт сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, паведамілі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

У складзе дэлегацыі 14 кіраўнікоў школ і дашкольных устаноў суседняй дзяржавы. У час стажыроўкі яны наведаюць установы дашкольнай і сярэдняй школьнай адукацыі Мінскага раёна, азнаёмяцца з дзейнасцю школьных бізнес-кампаній вобласці.

Латвійскія педагогі прымуць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі "Арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў", якая пройдзе 12-13 красавіка ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У ходзе пленарнага пасяджэння і работы ў пяці секцыях калегі з дзвюх краін будуць абмяркоўваць тэарэтычныя падыходы да арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці дзяцей розных узроставых груп, абмяняюцца вопытам работы, разгледзяць пытанні стварэння навуковых таварыстваў навучэнцаў.

Кіраўнікі латвійскіх устаноў адукацыі азнаёмяцца з праектнай і даследчай дзейнасцю навучэнцаў Мінскай вобласці, наведаюць стэндавыя прэзентацыі работ школьнікаў, якія сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый і конкурсаў. Яны таксама змогуць прыняць удзел у майстар-класах беларускіх калег, на якіх даведаюцца аб асаблівасцях арганізацыі даследчыцкай дзейнасці навучэнцаў у гімназіях сталічнай вобласці, атрымаюць рэкамендацыі аб тым, як знайсці і зацікавіць вучня-даследчыка.

Стажыроўка педагогаў арганізавана Мінскім інстытутам развіцця адукацыі ў супрацоўніцтве з Марупскім краявым самакіраваннем Латвійскай Рэспублікі з мэтай паглыблення міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі.

11 красавіка 2013, Мінск
Вера Грамчакова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/857/20486
Текущая дата: 18.11.2024