Белорусский портал в Казахстане

"Вайну прапусцілі праз сэрца"



Не так многа застаецца да 9 мая, асаблівага свята для нашай краіны. Тады мы зноў будзем запрашаць ветэранаў у калектывы, слухаць іх аповеды пра гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі.

У адной з брэсцкіх школ гэту работу вядуць не толькі напярэдадні Дня Перамогі, але і ўвесь год. Вось і нядаўна гасцямі вучняў 35-й школы сталі былыя франтавікі.

— Вайну вы прапусцілі праз сэрца, — так сказаў, звяртаючыся да вучняў і іх настаўнікаў, шаноўны ветэран, удзельнік Сталінградскай бітвы Аркадзь Бляхер пасля прагляду праграмы, якую паказалі дзеці. Старшакласнікі паспрабавалі перадаць сваё бачанне ваеннага ліхалецця праз тэатралізаваныя мізансцэны, праз вобразы літаратурных герояў. Яны апранулі форму салдатаў Чырвонай Арміі, каб рэканструяваць эпізоды часоў вайны.

Школьнікі цудоўна ўвайшлі ў вобразы: вось медсястра, якая здзірае прысохлыя бінты і плача ад таго, што салдатам балюча, вось байцы на прывале, вось смелы і дасціпны Васіль Цёркін, ад імя якога артыстычна чытаў вершы Твардоўскага дзесяцікласнік Аляксей Соўпель.

А настаўніца мовы і літаратуры Ірына Саўчук, якая і падрыхтавала значную частку праграмы са сваімі выхаванцамі, выконвала ролю сталінградскай бабулі. Бабуля чытае ўнучцы дзённік сваёй сястры (унучка — равесніца вучняў, што сядзелі ў зале). Гледачы сачылі за дзеяй з заміраннем, гэтак жа ўважліва слухалі яны і ўспаміны гасцей.

Аркадзь Бляхер па звычцы сваёй гаварыў коратка і ёмка, як сапраўдны журналіст. Вайна для яго пачалася ў чэрвені 1941-га. А зімой ён ужо стаў курсантам Сталінградскага артылерыйскага вучылішча. Скончыўшы яго за шэсць месяцаў з адзнакай, малады лейтэнант прыняў баявое хрышчэнне пад Сталінградам. На пачатку 1943-га яго цяжка параніла. Ляжаў у шпіталі горада Калача: палата знаходзілася ў спартыўнай зале школы. У лютым малады франтавік пайшоў на папраўку, яму якраз спаўнялася 20 гадоў. "Тады, — кажа ветэран, — я і падумаць не мог, што буду адзначаць свой 90-гадовы юбілей. Гэтыя лічбы здаваліся мне фантастычнымі".

Аркадзь Майсеевіч прайшоў усе цяжкія дарогі вайны, распісаўся на рэйхстагу. А затым жыццё прысвяціў журналістыцы: дзякуючы яго нястомным пошукам на Брэстчыне сталі вядомыя многія героі Вялікай Айчыннай.

Вельмі кранальным было выступленне ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара школы № 22, ураджэнца Сталінграда Уладзіміра Ладзейнава. Ён нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям`і акцёра драматычнага тэатра. Шасцігадовы хлопчык разам з маці трапіў пад бамбёжку. Галоўны ўспамін дзяцінства Уладзіміра Мікалаевіча — нясцерпны боль ад таго, што здзіраюць бінты. Раны ў тых умовах доўга не гаіліся, перавязак спатрэбілася многа, і заўсёды гэта было балюча. Малым дзіцем ён стаў інвалідам, страціў бацьку. У 1960-х гадах асэнсаванне болю і пакут, якія выпалі на долю дзяцей вайны, выліліся ў верш, які напісаў Уладзімір Ладзейнаў. Гадоў праз дзесяць ён адважыўся паслаць свой твор у газету "Правда". І нечакана для яго самога верш апублікавалі. Уладзімір Мікалаевіч прыйшоў да вучняў 35-й са старой газетай і зачытаў радкі, ад якіх мурашкі пабеглі па скуры.

...Уважліва слухалі вучні. Некаторыя з іх, можа, упершыню дакрануліся да тэмы вайны, адчулі яе дзякуючы не экранным баевікам, якіх цяпер стала зашмат, не сваім камп`ютарным гульням, а жывым людзям, якія былі там, якія памятаюць, жывуць ёю, нясуць яе ў сваім сэрцы.

Святлана Яскевіч
Звязда, 3 красавіка 21013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/858/20324
Текущая дата: 18.11.2024