Белорусский портал в Казахстане

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2013" пройдзе з 4 па 9 чэрвеня



Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Экспазіцыя традыцыйна будзе арганізавана на дзвюх пляцоўках: дэманстрацыйным полі ААТ "Гастэлаўскае" Мінскага раёна і Футбольным манежы (Мінск, праспект Пераможцаў, 20/2). Для зручнасці наведвальнікаў выстаўка ў Футбольным манежы пройдзе з 4 па 7 чэрвеня (з аўторка па пятніцу), у "Гастэлаўскім" - з 5 па 9 чэрвеня (з серады па нядзелю).

На адкрытай пляцоўцы ААТ "Гастэлаўскае" будуць прадстаўлены дасягненні сучаснага сельгасмашынабудавання, селекцыі сельскагаспадарчых культур і племянной жывёлагадоўлі, апошнія навуковыя распрацоўкі ў сферы механізацыі сельскай гаспадаркі, земляробства, бульбаводства і плодаагародніцтва, будзе паказана работа тэхнікі ў полі. У бягучым годзе выстаўку дапоўняць раздзелам "Белферма".

Выстаўка ў Футбольным манежы пройдзе ў новым фармаце. Тут будзе шырока дэманстравацца прадукцыя прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці і сучаснае абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў. У час аграпрамысловага тыдня запланавана правядзенне вялікай колькасці семінараў, канферэнцый, конкурсаў.

Як адзначыў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч на праведзеным сёння першым пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню выстаўкі, "Белагра" мае высокую значнасць для аграрыяў краіны як пляцоўка для дэманстрацыі апошніх дасягненняў галіны, азнаямлення з інавацыйнымі прадуктамі і тэхналогіямі, абмену вопытам і пошуку новых партнёраў.

"Белагра" - адна з буйнейшых выставак у Беларусі. У 2012 годзе ў ёй прынялі ўдзел больш як 400 кампаній з 19 краін. Выстаўку наведалі прадстаўнікі аграрных ведамстваў больш як 30 краін і рэгіёнаў блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку кіраўнікі аграпрамысловых ведамстваў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Украіны, Расійскай Федэрацыі, больш як 50 тыс. спецыялістаў.

3 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/858/20330
Текущая дата: 18.11.2024