Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная яркім старонкам жыцця Ігара Лучанка



У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея — Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачала работу выстава «Песні на ўсе часы», прысвечаная жыццю Ігара Лучанка.

Выстава «Песні на ўсе часы» прымеркавана да 85-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста БССР і СССР Ігара Лучанка. Паводле слоў Валянціны Дрозд, вядучага навуковага супрацоўніка Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, галоўная асаблівасць выставы ў тым, што наведвальнікі змогуць адчуць атмасферу, у якой жыў кампазітар, убачыць, з кім ён будаваў творчыя ўзаемаадносіны і што служыла для яго натхненнем.

На выставе прадстаўлены экспанаты з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, многія з якіх наведвальнікі ўбачаць упершыню. Гэта фотаматэрыялы аб жыццёвым і творчым шляху кампазітара, фатаграфіі з сямейных альбомаў родных і блізкіх Ігара Міхайлавіча, нотныя рукапісы і зборнікі песень кампазітара, пласцінкі з запісамі твораў, віншаванні, граматы, афішы.

«Асноўныя матэрыялы выставы, звязаныя з творчасцю Ігара Лучанка, — гэта яго аўтограф, рукапісы розных гадоў і фатаграфіі з дзеячамі культуры, з якімі сябраваў кампазітар. Гэта Аляксандра Пахмутава, ансамблі „Песняры“ і „Верасы“, многія іншыя. Гэтыя экспанаты асабліва перадаюць жыццё кампазітара», — адзначыла Валянціна Дрозд.

Асаблівае месца на выставе займаюць асабістыя рэчы бацькі маэстра — Міхаіла Лучанка, артыста трупы вандроўнага тэатра Уладзіслава Галубка. Яны вельмі яскрава раскрываюць крыніцу музычнага таленту кампазітара. «У нас прадстаўлены скрыпка і тыя атрыбуты адзення, у якіх бацька Ігара Лучанка выходзіў на сцэну. А таксама фатаграфіі, зробленыя яго трупай», — сказала супрацоўнік музея.

Ігар Лучанок унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай музычнай культуры. Кампазітар працаваў у розных жанрах: вакальным, сімфанічным, камерна-вакальным, камерна-інструментальным. Але найбольш плённа праявіўся талент кампазітара ў песенным жанры. Музыцы Ігара Лучанка ўласцівы яркія меладызм і нацыянальная самабытнасць. І на выставе будзе гучаць яго музыка, яна не пакіне абыякавым ніводнага наведвальніка.

Прадоўжыцца экспазіцыя да 29 кастрычніка.

Звязда, 5 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/86/70370
Текущая дата: 06.10.2024