Белорусский портал в Казахстане

22 сакавіка ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" (Лагойскі раён Мінскай вобласці) прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны 70-годдзю трагедыі спаленай вёскі



У ім узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, духавенства, грамадскасці.

Выступаючы перад прысутнымі, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў зазначыў: "Мы ніколі не забудзем тых, хто аддаў жыццё дзеля нашай Айчыны. І сёння, у дзень смутку, — вечны спакой загінулым у святой барацьбе. Светлая памяць пра герояў і ахвяр мінулай вайны будзе жыць у сэрцах пакаленняў".

"70 гадоў таму тут разыгралася трагедыя — 149 чалавек былі спалены жывымі, — нагадаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Бязвінныя, яны аддалі свае жыцці за тое, каб мы маглі сёння жыць. <…> Напэўна, не адзін з нас сёння спытае: "Божа, а дзе ты быў тады? Куды ты глядзеў, калі рабілася такое беззаконне? Чаму маўчаў?" На гэта пытанне хацеў бы адказаць іншым пытаннем: "А ты, чалавек, дзе быў? Бог табе пакінуў свой Закон, Бог казаў любіць бліжняга, Бог казаў не забіваць. Але ты забыўся пра гэта, і здарылася трагедыя".

Да Вечнага агню былі ўскладзены вянкі ад прэзідэнта, дзяржаўных органаў, грамадскіх аб`яднанняў, дыпкорпуса, канфесій. Прайшла памінальная служба, а ў фотадакументальнай экспазіцыі мемарыяльнага комплексу адбылося гашэнне паштовай маркі, прысвечанай Хатыні.

БелаПАН
22 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/861/20029
Текущая дата: 18.11.2024