Белорусский портал в Казахстане

На Беларусь рухаецца снежны шторм



Беларусь у бліжэйшыя выхадныя апынецца пад уладай снежнага шторму. Аб гэтым паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

З першых чысел сакавіка ў Беларусі пераважае зімовае надвор`е, прыкметна павялічылася вышыня снежнага покрыва. Так, паводле апошніх даных, у Мінску вышыня гурбаў складае 41 см пры норме ў другой дэкадзе сакавіка каля 15 см. Максімальная вышыня гурбаў - 50 см была адзначана на метэастанцыі Мсціслаў на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці.

"У бліжэйшыя суткі актыўны цыкланічны віхор, якому нямецкія метэаролагі далі мужчынскае імя "Хавер", рэзка пагоршыць умовы надвор`я ў нашай краіне. Ён забяспечыць цэлы набор небяспечных і неспрыяльных зімовых з`яў надвор`я", - расказала Людміла Парашчук.

Так, ноччу 15 сакавіка на паўднёвым усходзе Беларусі чакаецца працяглы моцны снег, раніцай і днём у многіх раёнах рэспублікі пройдуць моцныя снегапады. Вышыня гурбаў павялічыцца ў два, а месцамі і ў тры разы. Узмоцніцца вецер, парывы будуць дасягаць 15-20 метраў у секунду, у дзённы час месцамі скорасць ветру будзе 21-24 метры ў секунду. Чакаюцца моцныя завеі, на дарогах утворацца снежныя заносы. Па паўднёвым усходзе краіны пройдзе моцны мокры снег і дождж, месцамі ўтворыцца галалёд, наліпанне мокрага снегу. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 2-8 градусаў марозу. Уначы па паўночным захадзе краіны слупок тэрмометра апусціцца да мінус 9-15 градусаў. У паўднёва-ўсходніх раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей будзе цяплей: тут ноччу каля нуля, днём - ад 2 да 8 цяпла.

У суботу захаваецца ўплыў паўднёвага цыклону, які перамяшчаецца праз паўднёвы ўсход Беларусі ў бок Маскоўскай вобласці. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, ноччу па ўсходняй частцы сіноптыкі прагназуюць моцныя снегапады. У многіх раёнах захаваецца моцны парывісты вецер, завея, на дарогах снежныя заносы. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 градусаў са знакам мінус, па паўднёвым усходзе чакаецца да 4-6 марозу. Днём прагназуецца ад 2 да 8 ніжэй за нуль, месцамі слупок тэрмометра апусціцца да адзнакі мінус 10 градусаў.

"У нядзелю, 17 сакавіка, вецер сцiхне, спыняцца снегапады. Але следам за цыклонам адкрыецца доступ на поўдзень паветраным масам з Арктыкі, пачнецца ўзмацненне марозу", - расказала галоўны сіноптык. Так, ноччу ў Беларусі чакаецца ад 8 да 14 градусаў са знакам мінус, па паўночным захадзе мароз узмоцніцца да 15-20 градусаў. Тэмпература паветра днём складзе мінус 4-10 градусаў, па паўднёвым захадзе будзе цяплей - 1-3 градусы ніжэй за нуль. Пераважна па ўсходняй частцы краіны пройдзе кароткачасовы снег.

У панядзелак пры ціхім малавоблачным надвор`і прыкметна ўзмоцняцца начныя маразы. Уначы чакаецца ад 13 да 19 градусаў са знакам мінус, месцамі мароз узмоцніцца да 20-27 градусаў. Днём прагназуецца 4-10 градусаў ніжэй за нуль, па поўдні будзе ад 1 да 3 марозу. "Такі тэмпературны фон будзе ніжэйшы за кліматычную норму не толькі для сярэдзіны сакавіка, але і для сярэдзіны студзеня. Істотных ападкаў не прагназуецца", - адзначыла Людміла Парашчук.

Паводле яе слоў, да сярэдзіны наступнага тыдня ў многіх рэгіёнах Беларусі захаваецца зімовы характар надвор`я.

14 сакавіка 2013, Мінск
Ганна Кацікава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/863/19882
Текущая дата: 18.11.2024