Пра гэта заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
«На сённяшнюю раніцу ў краіне ўбрана 97 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы), а намалочана больш за 6977 тыс. т збожжа з улікам рапсу. Аднак ужо да абеду аграрыі дасягнулі намалоту збожжа 7 млн т, уключаючы рапс», — расказаў Уладзімір Гракун.
Уборачная набліжаецца да завяршэння. «Засталіся пасевы позніх крупяных культур — грэчкі і проса. На раніцу было намалочана больш за 5 тыс. т грэчкі», — адзначыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, атрыманага збожжа дастаткова для выканання дзяржзаказу — забяспечыць насельніцтва хлебам, засыпаць насенне ў страхавы фонд (больш за 800 тыс. т), паставіць збожжа піваварнай галіне (100 тыс. т), а таксама на спірт (150 тыс. т). Астатнія аб’ёмы дазволяць забяспечыць пагалоўе грамадскай жывёлы фуражным збожжам.
«Птушкафабрыкам і свінакомплексам, якія не змогуць закупіць аб’ёмы збожжа беларускага ўраджаю, згодна з пастановай Савета Міністраў дадзена права закупіць адсутныя аб’ёмы за мяжой. Аднак мы бачым, што пакуль нашага збожжа хапае», — рэзюмаваў Уладзімір Гракун.
Звязда, 30 жніўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/87/70843
Текущая дата: 19.11.2024