Белорусский портал в Казахстане

Летась у беларускай банкаўскай сферы было выяўлена больш як 400 злачынстваў



Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС.

За мінулы год аператыўнікамі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі міліцэйскага ведамства Беларусі было выяўлены больш як 400 злачынстваў у банкаўскай сістэме, прычым 90% з іх — у сегменце крэдытавання.

У міністэрстве ўказваюць, што згаданыя лічбы не поўнасцю адлюстроўваюць крымінагенную сітуацыю ў гэтай сферы. Парушэнняў закона намнога больш, чым указана ў статыстыцы, проста некаторыя банкі паміж захаваннем рэпутацыі (нават цаной стратаў) і пакараннем вінаватых выбіраюць першае і тым самым ствараюць перадумовы для ўчынення новых злачынстваў.

Паводле звестак Нацыянальнага банка, праблемная запазычанасць па крэдытах фізічных і юрыдычных асоб складае больш за 1,3 трлн. рублёў, або 0,7% ад усіх выдадзеных крэдытных сродкаў. У МУС упэўненыя, што папярэджваць злачынствы можна толькі забяспечыўшы прынцып непазбежнасці пакарання ў дачыненні да тых, хто з самага пачатку не мае намеру вяртаць атрыманыя ў крэдыт грошы.

Паводле інфармацыі ГУБЭЗ МУС, летась устаноўлена 122 факты, калі ў банкі падаваліся падробленыя дакументы. Гэтыя акалічнасці з`явіліся падставай для распачынання крымінальных спраў. Дарэчы, некалькі гадоў таму выпадкі давання фіктыўных даведак былі адзінкавымі.

Нядаўна ў суд адправілі крымінальную справу, паводле якой махляр завалодаў крэдытнымі рэсурсамі чатырох банкаў у памеры 755 млн. рублёў. Мазыранін, некалі быў дырэктарам адной з мясцовых камерцыйных структур, пасля ліквідацыі прадпрыемства прысвоіў нібыта згубленую пячатку арганізацыі. Пасля гэтага ён шукаў людзей (як правіла, якія вядуць асацыяльны спосаб жыцця) і прасіў за ўзнагароджанне аформіць крэдыты. Неабходныя дакументы рыхтаваў сам, упісваючы ў даведкі патрэбныя пасады і зарплаты.

Сваім добразычліўцам мужчына казаў, што яму патрэбныя абаротныя грошы для бізнесу, але праблем з пагашэннем абавязацельстваў не будзе, таму што фірма буйная і  цяжкасці носяць часовы характар. Людзі ішлі ў банкі з фіктыўнымі даведкамі і ўжо праз некалькі дзён атрымлівалі наяўныя грошы, а затым дзясяткам людзей банкі пачалі выстаўляць рахункі, па якіх сапраўдны карыстальнік крэдытаў і не думаў плаціць.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/878/18798
Текущая дата: 18.11.2024