Белорусский портал в Казахстане

Магілёў аб`яўлены культурнай сталіцай Беларусі 2013 года



21-га снежня ў Нясвіжы адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Магілёву эстафеты культурнай сталіцы Беларусі.

Намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што Магілёў быў выбраны культурнай сталіцай на конкурснай аснове: "У ліку прэтэндэнтаў на гэта высокае званне разглядаліся пяць гарадоў розных рэгіёнаў Беларусі. Члены калегіі палічылі, што найбольш цікавы культурны патэнцыял мае Магілёў".

"У Магілёва вялікі вопыт правядзення буйных культурных мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя музычныя фестывалі "Залаты шлягер" і "Магутны Божа", міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M.@rt.кантакт", міжнародныя фестывалі дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" і народнай творчасці "Вянок дружбы", - сказаў Тадэвуш Стружэцкі. - Акрамя таго, у Магілёўскай вобласці і абласным цэнтры добра развітая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры, ёсць вялікія канцэртныя пляцоўкі".

Прымаючы эстафету культурнай сталіцы Беларусі, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка адзначыў: "Жыхары Магілёва, кіраўніцтва горада і вобласці ўдзячны за высокі давер і аказаны гонар. Мы ўсведамляем адказнасць і задачы, якія ўскладзены на нашы плечы, і прыкладзём усе намаганні, каб узбагаціць і зрабіць больш разнастайным культурнае жыццё краіны".

Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" стартавала ў рэспубліцы ў 2010 годзе. Яе мэта - зрабіць больш даступнымі лепшыя дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх куткоў Беларусі, садзейнічаць актывізацыі дзейнасці рэгіянальных устаноў культуры і мясцовых органаў улады, прыцягненню айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны рэспублікі. Першым атрымаў званне культурнай сталіцы Полацк, у 2011 годзе гэты тытул перайшоў да Гомеля, у 2012 годзе культурнай сталіцай Беларусі быў названы Нясвіж.

Раней Магілёў быў прызнаны і культурнай сталіцай СНД 2013 года. На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе было прынята рашэнне рэалізаваць праграму "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў 2013 годзе ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, аб`явіўшы гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі Садружнасці. Праграма прызначана стаць эфектыўным інструментам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры, садзейнічаць стварэнню спрыяльнага клімату для эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, а таксама гуманітарнаму, сацыяльнаму, эканамічнаму і інфраструктурнаму развіццю асобных тэрыторый і гарадоў, павышэнню статусу Садружнасці на міжнароднай арэне.

22 снежня 2012, Нясвіж
Вера Грамчакова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/883/18501
Текущая дата: 18.11.2024