Белорусский портал в Казахстане

Святочнае навагодняе шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурачак адбудзецца ў Мінску 23 снежня



Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама.

Мерапрыемства пачнецца ў 12.00 з запальвання цэнтральнай ёлкі Мінска на Кастрычніцкай плошчы. Тут будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма - кожны раён падрыхтаваў для мінчан і гасцей сталіцы міні-паказ.

Далей шлях казачных персанажаў пройдзе міма будынка Мінаблвыканкама, кансерваторыі і фінішуе каля Палаца спорту, дзе адбудзецца калядны кірмаш, фаер- і акрабатычнае шоу. На чале калоны - Дзед Мароз і Снягурачка на санях, шэсце збярэ больш за 500 удзельнікаў.

Пасля завяршэння мерапрыемства адбудзецца дабрачынная акцыя "Падорым усмешку дзецям". Дзед Мароз і Снягурачка павіншуюць дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў шпіталях.

Шэсце адкрые ў сталіцы праграму святкавання Новага года і Каляд. У Мінску ў святочныя дні адбудзецца больш за 120 культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. У навагоднюю ноч будзе працаваць каля 30 адкрытых пляцовак. Найбольш значныя з іх - каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Мінскага лядовага палаца, Мінскага палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. Кульмінацыяй свята стане феерверк каля стэлы "Мінск - горад-герой", першыя залпы якога прагучаць у 1.30.

22 снежня 2012, Мінск
Надзея Радзівон - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/883/18509
Текущая дата: 18.11.2024