Белорусский портал в Казахстане

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: Божае Нараджэнне — гэта пацалунак неба з зямлёй



Напярэдадні свята Божага Нараджэння мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з віншаваннямі да каталікоў і ўсіх хрысціян:

"У радаснае свята вітаю, дарагія браты і сёстры, нашы суайчыннікі! Сёння каталіцкі касцёл адзначае урачыстасць Божага Нараджэння. Сёння мы адзначаем тое свята, сэнсам якога з`яўляецца ўцелаўленне Сына Божага. Бог не збавіў чалавека дзесьці звысоку, дзесьці з нябёс — Ён прыйшоў да чалавека, Ён хацеў быць чалавекам. Ён прыйшоў да нас у вобразе чалавека — з чалавечым сэрцам, чалавечым тварам, каб раздзяліць чалавечы лёс, каб дапамагчы чалавеку і каб потым, на дрэве крыжа, яго збавіць. Таму мы сёння адзначаем гэтае свята так урачыста, бо ведаем, што гэта пачатак ажыццяўлення Божага плану збаўлення. Мы ўдзячны Богу за тое, што яго Сын адзінародны стаўся адным з нас, гэта знак Божай міласэрнасці. Кажуць, што Божае Нараджэнне — гэта пацалунак неба з зямлёй, і праз пацалунак мы выказваем свае пачуцці іншаму чалавеку. Тут Бог выказаў свае пачуцці, пачуцці любові да канца, бязмежнай любові адносна чалавека. Ён не пакінуў гэтага чалавека, які саграшыў, са сваім лёсам, са сваімі слабымі сіламі, але прыйшоў да яго, каб дапамагчы. <…>

Віншую ўсіх, хто святкуе сёння ўрачыстасць нараджэння Сына Божага. Віншуем таксама нашых братоў праваслаўных, хто рыхтуецца да свайго свята. Розніца календароў, розніца абрадаў — гэта не розніца веры.

Радасных, вясёлых, шчаслівых святаў Божага Нараджэння! І няхай добры Бог, няхай немаўлятка Езус благаславіў усім нам, нашай Бацькаўшчыне ў наступным новым 2013 годзе. Са святам!"

БелаПАН, 24 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/883/18675
Текущая дата: 18.11.2024