Белорусский портал в Казахстане

Апошнім часам у Беларусі істотна ўзраслі патокі незаконнай міграцыі



Як паведамілі ў МУС Беларусі, калі ў 2011 годзе ў краіне былі затрыманы тры групы нелегалаў (сем чалавек), у 2012 годзе — ужо сем (38 іншаземцаў).

Апошнім часам у Беларусі істотна ўзраслі патокі незаконнай міграцыі.

 У дачыненні да арганізатараў гэтай злачыннай дзейнасці распачата 15 крымінальных спраў, піша сайт міністэрства.

У 2012 годзе выяўлена больш за 13 тысяч іншаземцаў, якія парушылі правілы знаходжання, і прыблізна дзве тысячы беларусаў, якія не забяспечылі законнасць знаходжання ў краіне замежных гасцей. Анулявана 3.417 дазволаў на пастаяннае пражыванне ў краіне. У дачыненні да 1.765 чалавек прынята рашэнне аб дэпартацыі, звыш 1,6 тысячы ўключаны ў спіс асоб, уезд якіх на тэрыторыю краіны забаронены або непажаданы.

Паводле інфармацыі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС, дзякуючы прынятым мерам удалося істотна мінімізаваць маштабы гандлю людзьмі. У гэтай сферы выяўлена 376 злачынстваў, з іх 97 цяжкіх і асабліва цяжкіх, спынена дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, устаноўлена больш як 207 ахвяр. Перакрыты 32 каналы вывазу беларускіх грамадзян у Расію, Польшчу, Турцыю, Германію, на Кіпр і ў Нарвегію (у 2011 годзе — 41, у 2005 годзе — 132).

У МУС адзначаюць, што ўсё больш актуальнымі становяцца праблемы дзіцячай парнаграфіі, педафіліі і секс-турызму. Зарэгістравана 227 фактаў вырабу і распаўсюджвання порнапрадукцыі, у тым ліку 38 — з удзелам непаўналетніх. На гэты момант акцэнтавана ўвага на барацьбе з сексуальнай эксплуатацыяй унутры краіны, прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў, аказанні рэабілітацыйнай дапамогі ахвярам. Выяўлена 117 выпадкаў выкарыстання прастытуцыі і 42 — уцягвання ў прастытуцыю. На ўліку ў краіне знаходзіцца 1.900 прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі, з іх 740 — у Мінску. За аказанне паслуг інтымнага характару да адміністрацыйнай адказнасці сёлета прыцягнута 888 чалавек (на 55% больш, чым летась).

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/884/18424
Текущая дата: 18.11.2024