Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі вызначаны паўнамоцтвы УНС у галіне абароны



У Беларусі вызначаны паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу ў сферы абароны. Гэта прадугледжана законам ад 17 ліпеня 2023 года нумар 292-З, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакументам уносяцца змяненні ў шэраг заканадаўчых актаў, у тым ліку ў закон ад 3 лістапада 1992 года нумар 1902-XII "Аб абароне". Так, ён дапоўнены артыкулам "Паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу ў галіне абароны". Гэта не новыя нормы - такія паўнамоцтвы былі прапісаны яшчэ ў законе "Аб Усебеларускім народным сходзе", падпісаным кіраўніком дзяржавы ў лютым бягучага года. У адпаведнасць з гэтым дакументам цяпер прыводзяцца і іншыя прававыя акты.

Так, УНС зацвярджае Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго, Усебеларускі народны сход мае права ўвесці на тэрыторыі Беларусі надзвычайнае або ваеннае становішча пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Па прапанове Прэзідэнта УНС можа прыняць рашэнне аб магчымасці накіравання ваеннаслужачых, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы Беларусі для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

23 ліпеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/89/70170
Текущая дата: 06.10.2024