Белорусский портал в Казахстане

У Заслаўі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Хвядоса Шынклера



З 22 жніўня ў Заслаўі пачаў працаваць мемарыяльны праект "Падарожжы па вялікім свеце Хвядоса Шынклера. Постлітаратурныя нататкі пра слыннага земляка", прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, паведамілі ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Заслаўе".

Экспазіцыю можна ўбачыць у музейна-выставачным комплексе. Яна з`яўляецца вынікам сумеснай работы запаведніка і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея гісторыі Беларускай чыгункі, Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі БЧ і Мінскага абласнога гісторыка-краязнаўчага музея.

"Хвядос Шынклер пісаў розныя публіцыстычныя і мастацкія творы пра чыгунку, з якой было звязана ўсё яго жыццё. Ён з малых гадоў дапамагаў бацьку, які працаваў начальнікам чыгуначнай станцыі ў Рудзенску. Нягледзячы на тое, што Шынклер нарадзіўся ў Заслаўі, ён пражыў у ім не вельмі доўга, бо сям`я часта пераязджала з-за работы бацькі. Маладосць аўтара прыпала на станаўленне савецкай улады і новага тыпу адносін у грамадстве, а таксама пабудову новай прамысловасці. Менавіта таму ён стаў пісаць пра гарадское жыццё звычайных работнікаў, напрыклад пра штодзённасць стрэлачнікаў і пуцейцаў. Людзям было вельмі цікава чытаць гісторыі пра сябе, а не аповесці пра дваранскі побыт або апавяданні пра далёкія плямёны Афрыкі, якія ў той час друкаваліся ў часопісах. Хвядос Шынклер пісаў пра простых людзей і іх працу", - расказаў старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" Ігар Кандратовіч.

"У час ВАВ, у 1941 годзе, сям`я Шынклераў эвакуявалася ў Свярдлоўск, дзе Хвядос працаваў тэлеграфістам. Яго не хацелі браць на фронт, таму што ён не праходзіў па здароўі, але ў выніку Шынклер пераканаў прыняць яго на ваенную службу. Скончыўшы чатырохмесячныя курсы ў ваенным вучылішчы, ён трапіў на фронт, а пазней загінуў у цяжкіх баях пад Сталінградам. Пры гэтым захаваліся кнігі, якія былі выдадзены ім у даваенны час, і творы, якія ён пісаў у пачатку вайны, напрыклад "Запіскі тэлеграфіста". У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, што з`яўляецца адным з нашых партнёраў у арганізацыі гэтага праекта, таксама захаваліся кнігі, выдадзеныя ў 1920-30-я гады", - дадаў Ігар Кандратовіч.

Паводле яго слоў, праект быў створаны для таго, каб звярнуць увагу людзей на вядомага прадстаўніка літаратуры, які з`яўляецца ўраджэнцам Заслаўя, і паказаць гісторыю чыгункі, бо яна адыграла вялікую ролю ў станаўленні краіны.

24 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/89/70756
Текущая дата: 19.11.2024