Белорусский портал в Казахстане

Перавага — за буйнапанэльным домабудаўніцтвам



У наступным годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць 6,5 мільёна квадратных метраў жылля, паведамілі рэдакцыі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.

Спецыялісты галіны падлічылі, што ў 2013 годзе для льготных катэгорый грамадзян будзе пабудавана не менш як 2,5 млн квадратных метраў жылля. Як паведамляе першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ірына Архіпава, для скарачэння тэрмінаў будаўніцтва жылля прадугледжана выкарыстоўваць толькі праекты максімальна танных шматкватэрных дамоў, якія маюцца ў тэхналогіях буйнапанэльнага домабудаўніцтва.

Згодна з праектам Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі на 2011—2015 гады, менавіта да 2015 года плануецца павялічыць долю індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў агульным аб`ёме ўводу жылля да 50%. Дзеля гэтага прадугледжваецца выдзяляць жыллёвым чаргавікам штогод 20—30 тысяч зямельных участкаў на тэрыторыях каля населеных пунктаў, у тым ліку ў аграгарадках. Для будучых індывідуальных будаўнікоў з боку дзяржавы прапануюць спецыяльныя невялікія бонусы. Гэта бясплатнае прадастаўленне тыпавых праектаў жылых дамоў розных спажывецкіх якасцяў, пашыраны асартымент айчынных будматэрыялаў, якія можна будзе набываць з растэрміноўкай на нарматыўны тэрмін будаўніцтва. Тыя, хто будуе ўласнае індывідуальнае жыллё, атрымаюць маёмасны падатковы вылік на суму сродкаў, якія накіроўваюцца на будаўніцтва.

Сяргей Куркач
Звязда, 24 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/899/14236
Текущая дата: 01.06.2024