Белорусский портал в Казахстане

У Полацку знайшлі квартал ювеліраў XI стагоддзя



Археалагічныя раскопкі ў самым старажытным горадзе Беларусі праводзяцца не першы раз.

Гарадскія ўлады прынялі рашэнне рэканструяваць мясцовы стадыён "Спартак". Спартсменам трэба сучаснае пакрыццё на полі, і, каб яго замяніць, трэба правесці земляныя працы.

У гэтай частцы Полацка размяшчаўся Ніжні замак, таму любыя працы ў гістарычнай частцы горада могуць праводзіцца толькі з удзелам і пад наглядам археолагаў.

Ювелірная праца

"На працягу апошніх чатырох тыдняў мы праводзім раскопкі. За гэты час мы заклалі некалькі шурфаў. Вынікі работы на іх дазваляюць гаварыць аб добрай захаванасці культурнага пласта", - расказаў старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага ўніверсітэта Аляксей Коц.

Паводле яго слоў, стадыён тут быў пабудаваны ў 60-я гады мінулага стагоддзя, таму на гэтай тэрыторыі ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі.

Гісторык адзначыў, што ўжо зараз можна зрабіць здагадку, што тут размяшчаўся квартал ювеліраў: была знойдзена не толькі печ, дзе плавіліся каляровыя металы, але і некалькі соцень фрагментаў тыгляў. Гэта спецыяльныя гліняныя ёмістасці для плаўлення.

"У шурфе паблізу ад печы быў знойдзены залаты фрагмент. Гэта невялікі кавалак дроту з аплаўленымі канцамі, што сведчыць аб тэрмічным уздзеянні на яго, а значыць рабоце ювеліра", - удакладніў Аляксей Коц.

Залаты фрагмент быў вывучаны з дапамогай спектрографа, што дазваляе казаць аб тым, што ён на 98% складаецца з золата з украпінамі срэбра і руднымі прымесямі.

Археолаг лічыць, што гэты фрагмент быў атрыманы з самародка, які потым быў пераплаўлены, таму што ў ім няма прымесей, характэрных для сплаваў.

Залаты скарб

"У 80-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыі побач са стадыёнам раскопкі праводзіў Сяргей Тарасаў. У ходзе даследаванняў тады таксама была знойдзена ювелірная майстэрня. Гэта зусім блізка ад тэрыторыі, якую вывучаем мы. Шэраг знаходак на археалагічным комплексе дазваляе меркаваць аб цэлым ювелірным квартале, які тут знаходзіўся", - мяркуе гісторык.

Аляксей Коц звярнуў увагу, што большасць ювелірных знаходак датуюцца XI, але ёсць знаходкі і X, і XII стагоддзяў. Прычым знойдзена некалькі дзесяткаў шкляных паліхромных караляў.

На думку гісторыка, можна меркаваць, што акрамя імпартных караляў у такім ювелірным квартале маглі займацца і ўласнай вытворчасцю. Вядома, для гэтага патрэбны знаходкі ў выглядзе шкламасы ці аплаўкаў шкла.

На тэрыторыі стадыёна ў 1984 годзе падчас банальнай уборкі быў знойдзены залаты скарб з сечаных фрагментаў. Цяпер ён захоўваецца ў Полацкім музеі. Гэта таксама пацвярджае, што тут былі ювелірныя майстэрні.

"Археалагічныя работы даюць магчымасць нам упэўнена гаварыць, што тут быў вялікі цэнтр апрацоўкі каляровых металаў і даследаванні будуць працягвацца далей", - рэзюміраваў археолаг.

Sputnik, 18 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/90/70600
Текущая дата: 19.11.2024