Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт: Ваенна-паветраныя сілы ўносяць значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці Беларусі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў асабовы склад і ветэранаў Ваенна-паветраных сіл з прафесійным святам, якое наша краіна традыцыйна адзначае ў трэцюю нядзелю жніўня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«У гераічную гісторыю ваеннай авіяцыі залатымі літарамі ўпісаны подзвігі лётчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ваенна-паветраныя сілы сучаснай Беларусі ўносяць значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны, а падзеі нашых дзён яшчэ раз пацвярджаюць, што роля і значэнне авіяцыі ў забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы ў будучыні будзе толькі ўзрастаць. Народ ганарыцца вамі і памятае ўсіх, хто заваяваў перамогу на вайне і ў мірныя дні ахвяраваў сабой у імя жыццяў іншых людзей».

«Перакананы, што вы і надалей будзеце верна служыць Айчыне, застаючыся прыкладам мужнасці, стойкасці і найвышэйшага прафесіяналізму. Дзякую за бездакорную службу», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усяму асабоваму складу Ваенна-паветраных сіл моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

Звязда, 20 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/90/70653
Текущая дата: 19.11.2024