У міліцыю звярнулася 83-гадовая жыхарка сталіцы, якая стала ахвярай махляроў. Жанчыне ў месенджары паступіў званок нібыта ад праваахоўніка. Ён паведаміў, што невядомая ад імя пенсіянеркі спрабавала аформіць крэдыт. Пасля ў размову ўступіў мужчына, які прадставіўся работнікам Нацыянальнага банка, і для пераканаўчасці нават адправіў фота «пасведчанні».
Тыя, хто тэлефанаваў, папярэдзілі, што праводзіцца «спецаперацыя» і пенсіянерка будзе ў ёй выступаць у ролі «жыўца». Таксама жанчыне пагражалі прыцягненнем да адказнасці ў выпадку, калі яна раскажа каму-небудзь пра свой удзел у злове злачынцы. Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, выкарыстоўваючы псіхалагічнае ўздзеянне і маніпуляцыі, ашуканцы прымусілі пажылую мінчанку прытрымлівацца іх інструкцый. Жанчына ўстанавіла на тэлефон праграму, даўшы зламыснікам доступ да яе асабістай інфармацыі.
Пасля гэтага аферысты прапанавалі засцерагчы ўсе наяўныя ў сям’і мінчанкі зберажэнні. Жанчына і яе 90-гадовы муж адкрылі ў банку рахункі і перавялі на іх усе свае назапашванні ў суме амаль 150 тысяч рублёў, якія пазней былі спісаны ашуканцамі.
Акрамя таго, аферысты запатрабавалі ад пенсіянеркі прадаць кватэру, бо яна знаходзіцца ў «чорным спісе». Жанчына зноў паверыла, выставіла жыллё на продаж і нават заключыла папярэднюю дамову.
Выратавала мінчанку знаёмая, якую тая сустрэла ў паліклініцы. Прыяцелька, пачуўшы аб «спецаперацыі», распавяла пенсіянерцы, што ведае са СМІ аб такой схеме махлярства. Пацярпелая зразумела, што стала ахвярай аферыстаў, скасавала дамову на продаж кватэры і звярнулася ў міліцыю.
Сяргей Расолька
Звязда, 21 жніўня 2023
Звязда, 21 жніўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/90/70684
Текущая дата: 19.11.2024