Белорусский портал в Казахстане

Фэст беларускамоўнай рэкламы



Зацікаўленасць спажыўцоў у беларускамоўнай рэкламе вырасла ўдвая, сцвярджаюць арганізатары фестывалю AD.NAK!

Зацікаўленасць беларускіх спажыўцоў у прысутнасці беларускай мовы ў рэкламе вырасла ўдвая, паведаміла 5 ліпеня каардынатар грамадзянскай кампаніі "Будзьма беларусамі" Ніна Шыдлоўская ў ходзе цырымоніі ўручэння прэмій пераможцам фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!.

"Узровень работ на рэкламным рынку Беларусі недастаткова высокі. Магчыма, гэта звязана з фінансавымі праблемамі. Але крэатыўнасці і імкнення падаваць арыгінальныя ідэі з дапамогай беларускай мовы не стала менш. Нас радуе, што зацікаўленасць спажыўцоў у беларускамоўнай рэкламе вырасла ўдвая ў параўнанні са звесткамі апытанняў мінулага года", — заявіла Шыдлоўская.

Як паведаміў журналістам напярэдадні ўручэння прэмій кіраўнік спецпраекта Marketing.by Сяргей Скараход, на фестываль было пададзена больш чым 300 работ у 18 намінацыях. "Мы прасілі журы судзіць работы так, як іх судзяць на міжнародных прафесійных фестывалях рэкламы. Таму толькі дзве работы атрымалі Гран-пры", — сказаў Скараход. Акрамя таго, адзначыў ён, журы прысудзіла толькі шэсць першых месцаў, а чвэрць пададзеных работ не ўвайшлі ў шорт-лісты.

Гран-пры атрымалі: у намінацыі "Беларускаарыентаваны і камунікацыйны праект" — промапрадукцыя канцэрта гурту "Ляпіс Трубяцкой" у Маскве: бігборды, майкі, постэры (студыя "Адліга", аўтар Артур Вакараў); у намінацыі "Інтэрнэт-рэклама" — праект "Дружа, кім ты быў у мінулым жыцці?" (GETBOB Digital Agency).

Першыя месцы занялі работы: у намінацыі "Друкаваная і вонкавая рэклама" — афішы канцэрта гурту "Ляпіс Трубяцкой" у Маскве (студыя "Адліга", аўтар Артур Вакараў); у намінацыі "Рэкламныя кампаніі" — рэклама "Дэпазіт Шкварка" (агенцтва Salmon DDB); у намінацыі "Беларускаарыентаваны і камунікацыйны праект" — мыла ручной работы KARALI (аўтар Галіна Яшчанка); у намінацыі "Сацыяльная рэклама" — серыя "Смак беларускай мовы" (Вольга Усцюшына, Вольга Ціхановіч, Ірына Урбан, Вольга Сянько); у намінацыі "Інтэрнэт-рэклама" — банер "Кватэра з цікавым выглядам з вакна" (Вольга Кузьміч); у намінацыі "Грамадска значныя праекты" — рэклама "БульФэст" (Дзмітрый Бейнарт-Саладуха і Аляксандр Астроўскі).

БелаПАН, 6 ліпеня 2012 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/923/14941
Текущая дата: 17.11.2024