Белорусский портал в Казахстане

Дэкрэт прэзідэнта № 6 па-добраму "разварушыць" рэгіёны, лічыць дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі



Такое меркаванне на брыфінгу ў Мінску 6 ліпеня выказаў дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Аляксандр Груздоў.

Рэалізацыя дэкрэта прэзідэнта № 6 будзе спрыяць дзелавой актыўнасці, змяненню геаграфіі бізнесу, павышэнню эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў і стварэнню новых працоўных месцаў.

Як паведамлялася раней, дэкрэт № 6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 мая. Дэкрэт набыў моц 1 ліпеня. Заканадаўчы акт уключае палажэнні дэкрэтаў ад 20 снежня 2007 года № 9 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай мясцовасці" і ад 28 студзеня 2008 года № 1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)". Як растлумачыў Груздоў, гэтымі нормамі скарысталася каля 1,7 тыс. юрыдычных асоб.

Паводле слоў Груздова, магчымасць скарыстацца замацаванымі дэкрэтам прэферэнцыямі маюць права не толькі тыя камерцыйныя арганізацыі і фізічныя асобы, якія зарэгістраваныя і ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі малых гарадоў і сельскай мясцовасці, але і прадпрыемствы, якія юрыдычна зарэгістраваны ў буйных гарадах, але маюць адасобленае падраздзяленне або філіялы на тэрыторыі сельскай мясцовасці ці малых паселішчаў. "Аналагічную магчымасць набываюць і тыя камерцыйныя арганізацыі, якія займаюцца "высокадаходным" бізнесам, але вырашылі заняцца і іншымі відамі дзейнасці на тэрыторыі малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Таксама дэкрэтам рэкамендавана абласным выканаўчым камітэтам і іх саветам дэпутатаў уводзіць паніжальныя каэфіцыенты да ставак адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у малых гарадах і сельскай мясцовасці", — адзначыў Груздоў.

"Прадпрыемствы атрымліваюць таксама права на вызваленне ад выплаты мытных пошлін і ПДВ па таварах, што ўвозяцца ў Беларусь у выглядзе ўнёску ў статутны фонд, але не па абсталяванні. Пры набыцці нерухомай маёмасці, размешчанай на тэрыторыі малых гарадоў і сельскай мясцовасці, ужо няма неабходнасці купляць права арэнды зямельнага ўчастку, на якім гэта маёмасць размешчана. Калі на гэтай маёмасці ёсць насаджэнні, яны перадаюцца пакупніку бязвыплатна", — сказаў Груздоў.

"Гэты дэкрэт закліканы "разварушыць" рэгіёны ў добрым сэнсе слова", — рэзюмаваў ён.

БелаПАН
, 6 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/923/14962
Текущая дата: 17.11.2024