Белорусский портал в Казахстане

Лепшыя экспарцёры Беларусі 2011 года аб`яўлены ў "Мінск-Арэне"



Пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Лепшы экспарцёр 2011 года" былі ўганараваны і атрымалі прызы на ўрачыстай цырымоніі 24 мая ў "Мінск-Арэне".

Сёлета пераможцы былі вызначаны ў 17 намінацыях, яшчэ 11 кампаній атрымалі заахвочвальныя дыпломы, а ААТ "Бабулін гладыш" атрымала спецыяльны прыз Беларускай гандлёва-прамысловай палаты "За стабільна высокія паказчыкі ў экспарце і прасоўванні на знешнія рынкі тавараў беларускай вытворчасці".

— Конкурс мы праводзім больш за 10 гадоў. Ён калісьці пачынаўся з трох намінацый і толькі для членаў палаты, а зараз набыў рэспубліканскае значэнне. Да яго ўважліва ставяцца нашы экспарцёры, і сёлета конкурс праведзены па 18 намінацыях, — сказаў Міхаіл Мятлікаў, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Такім чынам, лепшымі экспарцёрамі мінулага года былі прызнаны "Гефест-тэхніка", "Барысаўскі ДОК", "Эксадэл", "Мілавіца", "Асіповіцкі доследны лясгас", "АвантРэйл", "Мінскі аўтамабільны завод", "Рэчыцкі метызны завод", "Савушкін прадукт", "Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка", "Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў", "Фрэзеніус-Барысаў-Дыялізатэхнік", "Стэлкарго", "Альянспласт", "Нафтан", "Атамтэх" і "Магілёўскі завод "Электрарухавік". У адной намінацыі, якая тычылася індывідуальных прадпрымальнікаў-экспарцёраў, пераможца не быў вызначаны, бо ні мясцовыя органы ўлады, ні іншыя дзяржорганы, ні бізнэс-саюзы на гэтую намінацыю не вылучылі ніводнага кандыдата.

— Найбольшая колькасць намінантаў была ў намінацыях харчовай прамысловасці і машынабудавання, — расказвае Алена Шабаліна, начальнік упраўлення інфармацыйнага і арганізацыйнага забеспячэння БелГПП. — Але крытэрыі былі адны для ўсіх — аб`ём экспарту ў фактычных цэнах у доларах, змяненне аб`ёмаў экспарту за справаздачны перыяд у параўнанні з мінулым перыядам, сальда знешнегандлёвай дзейнасці і аб`ём экспарту ў фактычных цэнах на аднаго працаўніка. Калі ў прадпрыемстваў у адной намінацыі раптам атрымліваюцца аднолькавыя лічбы па гэтых паказчыках, ёсць цэлы шэраг дадатковых крытэрыяў — рэалізацыя маркетынгавых планаў, геаграфія экспарту, укараненне новых тэхналогій і г. д.

Цікава, што важнасць экспарту для краіны разумеюць і самі экспарцёры. Як лічыць Уладзімір Ваўчок, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "БелАЗ" (гэтае прадпрыемства было лепшым экспарцёрам у 2010 годзе), "экспарт сёння не толькі эканамічная катэгорыя, але і палітычны поспех нашай краіны, гэта магчымасць адчуць сябе прызнаным не толькі ў межах краіны, але і значным вытворцам на сусветных рынках".

Павел Бераснеў
Звязда, 25 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/933/14274
Текущая дата: 16.11.2024