Белорусский портал в Казахстане

Колькі сельгаспрадукцыі закуплена ў насельніцтва, расказалі ў Белкаапсаюзе



Колькі сельгаспрадукцыі закуплена ў насельніцтва, расказала на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндар.

За першае паўгоддзе 2023 года арганізацыямі спажывецкай кааперацыі нарыхтавана сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны на суму Br236 млн, з якіх больш як 65 працэнтаў, або Br155 млн, выплачаны насельніцтву.

"Гэта вельмі значна, людзі зацікаўлены ў вырошчванні прадукцыі і папаўненні такім чынам сямейнага бюджэту, - адзначыла Аксана Скіндар. - Бульбы закуплена 2,6 тыс. т, у тым ліку ў насельніцтва - 1,7 тыс. т, агародніны - 11,5 тыс. т, з яе 8,7 тыс. т - у насельніцтва, пладоў і ягад - 3,1 тыс. т. Паводле аператыўных даных на 1 жніўня, закуплена 3,6 тыс. т агуркоў, больш як 1,7 тыс. т таматаў, амаль 4 тыс. т капусты, 700 т садовых суніц, прычым большасць гэтага аб`ёму складае таварная ягада, якая была рэалізавана ў рознічнай гандлёвай сетцы і на рынках. Чарніц закуплена 177 т, костачкавых ягад - 74 т, малін - 51 т, буякоў - 15 т, парэчак - 35 т".

Нязначныя аб`ёмы нарыхтоўкі чарніц звязаны з умовамі надвор`я, якія склаліся ў бягучым сезоне, падкрэсліла спецыяліст. "Яны не садзейнічалі выспяванню чарніц і добраму ўраджаю. Паводле даных Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, згодна з прагнозам па 5-бальнай шкале склалася ўраджайнасць чарніц на ўзроўні ад 1 бала па Мінскай вобласці да 2 балаў па астатніх абласцях, тое ж па ядомых грыбах", - адзначыла яна.

Паводле слоў Аксаны Скіндар, стрымальным фактарам па нарыхтоўцы чарніц стаў таксама радыяцыйны фон. "У прыватнасці, гэта Магілёўская, Гомельская і часткова Мінская вобласці. Раней уся ягада, якая закуплялася на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ў іншых экалагічна ўмоўна бяспечных раёнах, экспартавалася. Санкцыі супраць Беларусі зменшылі попыт на гэту ягаду. Адпаведна, знізіліся і аб`ёмы нарыхтоўкі. Акрамя таго, з 1 студзеня 2023 года ўведзена 12-працэнтная мытная пошліна на ўвоз чарніц з Беларусі і Расіі ў краіны ЕС. Гэта таксама немалаважна, таму што выяўляецца на канчатковай цане для спажыўца", - рэзюмавала яна.

2 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/94/70321
Текущая дата: 19.11.2024