Белорусский портал в Казахстане

За год беларусаў стала на 16 тысяч менш



За 2011 год з мапы Беларусі зьнік цэлы горад — па колькасьці насельніцтва як Шклоў, Ашмяны ці Стоўпцы.

Такое параўнаньне на прэсавай канфэрэнцыі па дэмаграфічнай сытуацыі правяла намесьніца старшыні Белстату Алена Кухарэвіч. І хоць нарадзілася летась на 1200 дзетак больш, чым у 2010 годзе, і памерла на 2 тысячы менш, дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі застаецца нездавальняючай.

За 2011 год колькасьць насельніцтва Беларусі зьменшылася на 16 тысяч чалавек. Прычым памерла на 26 тысяч больш, чым нарадзілася, тлумачыць намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Алена Кухарэвіч:

«У 2011 годзе нарадзілася 109 тысяч чалавек, памерла 135 тысяч. Натуральныя страты склалі 26 тысяч чалавек. Але ў апошнія гады назіраецца міграцыйны прыток. Міграцыйны прыток на 38% кампэнсаваў натуральныя страты насельніцтва».

І хоць палова жанчын летась нараджала другое, трэцяе ці нават чацьвёртае дзіця, цяперашні ўзровень нараджальнасьці недастатковы для простага аднаўленьня насельніцтва і на сёньня забясьпечвае замяшчэньне пакаленьняў толькі на 70%. Сярод прычын нізкага ўзроўню нараджальнасьці Алена Кухарэвіч назвала наступныя:

«Высокая ступень занятасьці жанчын на вытворчасьці і даволі высокі ўзровень іх адукацыі».

На думку спадарыні Ірыны, спэцыялісткі ў гендэрных праблемах, беларуская жанчына не сьпяшаецца нараджаць нават другое дзіця, таму што ня ўпэўненая ў сваім сацыяльным статусе і ў заўтрашнім дні:

«Цяпер існуе кантрактная сыстэма, і жанчына баіцца страціць працу. Бо страціць працу — гэта азначае пазбавіцца сродкаў да існаваньня. Хоць жанчына і больш адукаваная, прафэсійна падрыхтаваная, адказная. Да таго ж шмат хто з працадаўцаў вельмі нэгатыўна ставіцца да жанчын з маленькімі дзецьмі. Так склалася, што мы жывем у патрыярхальным грамадзтве. І хоць нам кажуць, што дзяржава шмат дапамагае, павялічваюцца памеры дапамогі, у нас няма, як, да прыкладу, у Расеі, „мацярынскага капіталу“, які дае жанчынам хоць нейкую ўпэўненасьць, што яны не застануцца бяз сродкаў да існаваньня».

У Беларусі, як і ўва ўсім сьвеце, ідзе ўрбанізацыя. Алена Кухарэвіч прывяла такія лічбы Белстату пра колькасьць гарадзкога насельніцтва.

«Колькасьць гарадзкога насельніцтва павялічылася на 53 тысячы чалавек і склала 7 мільёнаў 175 тысяч чалавек. Гэта тры чвэрці насельніцтва краіны».

Прычым 70% гарадзкога насельніцтва жыве ў даволі буйных гарадах. Да гарадоў са 100-тысячным насельніцтвам далучыўся сёлета Наваполацак.

Чвэрць ад колькасьці памерлых летась пайшлі з жыцьця ў працаздольным веку. Больш за палову са 135 тысяч памерлых летась сышлі ад хваробаў сэрца і кровазвароту, 13% — ад новаўтварэньняў. Алена Кухарэвіч прывяла такую статыстыку:

«10% памірае ад прычынаў, не зьвязаных з хваробамі — то бок траціна людзей працаздольнага ўзросту памірае ад зьнешніх прычын. У працаздольным узросьце летась памерла больш за 32 тысячы чалавек — гэта кожны чацьвёрты».

Беларусь выйшла ў лідэры па розьніцы ў працягласьці жыцьця мужчын і жанчын:

«У 2011 годзе розьніца склала 12 гадоў. Чаканая працягласьць жыцьця ў мужчын складае 64,7 года, у жанчын — 76,7. Калі параўноўваць з разьвітымі краінамі Эўропы, натуральная розьніца ў працягласьці жыцьця мужчын і жанчын — гэта розьніца ў 5 гадоў».

Эканаміст Міхал Залескі, які ня раз выступаў экспэртам у дасьледаваньнях Праграмы разьвіцьця ААН па дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі, тлумачыць гэта такім чынам:

«Сярэдні беларускі „апалон“ мае ў структуры свайго харчаваньня ў дзень 13 цыгарэтаў клясы „Прыма“ плюс бутэльку напою (гэта не рэкляма прадукту) клясы „Крыжачок“, ну, што-небудзь такое „пладова-ягаднае“, градусаў 18–19. І так кожны дзень. Таму працягласьць жыцьця мужчын у нас на 12–15 гадоў меншая, чым жанчын».

І яшчэ адна лічба, якую прывёў Белстат. Калі ў 2011 годзе на 1 тысячу шлюбаў прыпадала 445 разводаў, то за 2 месяцы 2012 году — 739.

Іна Студзінская
Радыё Свабода, 18 красавіка 2912

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/944/13622
Текущая дата: 16.11.2024