Белорусский портал в Казахстане

Дзмітрый Бандарэнка вызвалены з калоніі



Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрый Бандарэнка вызвалены з магілёўскай калоніі № 15. Пра гэта паведаміла яго жонка.

Вользе Бандарэнцы раніцай 15 красавіка патэлефанаваў невядомы мужчына, які расказаў аб просьбе Дзмітрыя перадаць, што ён едзе ў Мінск з Магілёва ў маршрутным таксі. У сталіцы, як чакаецца, ён будзе прыкладна ў 13.30.

Іншыя акалічнасці вызвалення мужа Вользе пакуль невядомыя.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, адбываў пакаранне, а ўчора, 14 красавіка, быў вызвалены з калоніі "Віцьба-3" згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі. Бандарэнка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страю і нават забаранілі карыстацца мыліцай.

Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай.

Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні да палітзняволенага як катаванні. Скарга з просьбай расследаваць факты прымянення катаванняў да Бандарэнкі накіравана ў ААН.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2012 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/946/13536
Текущая дата: 16.11.2024