Белорусский портал в Казахстане

Ашмянскімі мытнікамі канфіскаваныя свежазрэзаныя кветкі агульным коштам каля аднаго мільярда рублёў



Адразу тры факты незаконнага перамяшчэння кветак цераз беларускую мяжу былі выяўленыя на мінулым тыдні супрацоўнікамі Ашмянскай мытні. Ва ўсіх выпадках тавар накіроўваўся з Літвы на тэрыторыю Мытнага саюза.

Як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, падчас правядзення аперацый мытнага кантролю ў рэспубліканскім пункце мытнага афармлення "Каменны Лог" быў прыпынены рух транспартнага сродку, які па дакументах перавозіў свежазрэзаныя кветкі. Праверыўшы груз, мытнікі выявілі, што ў аўтамабілі перамяшчаюцца на 60 тысяч штук кветак больш, чым указана ў таварасуправаджальных дакументах. Апрача таго, у грузавым адсеку знойдзены архідэі, якія наогул не былі заяўленыя ў афіцыйных паперах.

Праз некалькі дзён на гэтым жа мытным пасту былі прадухіленыя яшчэ дзве спробы незаконнай транспарціроўкі кветак цераз беларуска-літоўскую мяжу. У абодвух выпадках зламыснікі спрабавалі правезці тавар, не ўказваючы яго дакладную колькасць у суправаджальных дакументах.

Па фактах выяўленых правапарушэнняў распачатыя адміністрацыйныя працэсы. Ружы, хрызантэмы, архідэі ў колькасці больш як 80.000 штук і агульным коштам каля 1 мільярда рублёў канфіскаваныя.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 16 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/946/13617
Текущая дата: 16.11.2024