Белорусский портал в Казахстане

Аднаўленне знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны павышае імідж Беларусі



Такім меркаваннем падзяліўся міністр культуры Анатоль Маркевіч у час выязной калегіі профільнага ведамства, якая прайшла ў Жыліцкім палацава-паркавым комплексе Кіраўскага раёна.

Паводле слоў Анатоля Маркевіча, беларуская гісторыя і самабытнасць — важная тэма для нашага грамадства. Таму дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў рэсурсы для таго, каб адрадзіць самыя прыгожыя аб’екты нашай краіны. Прыкладам таго з’яўляецца палацава-паркавы комплекс у Жылічах.

«Мы назіраем за палацава-паркавым ансамблем у Жылічах у дынаміцы, таму што за апошнія два гады на гэтым аб’екце праведзены каласальны аб’ём работ, — падкрэсліў ён. — Рэстаўрацыя праводзілася такім чынам, каб ні ў якім разе не сказіць гістарычную праўду: вывучаліся архіўныя дакументы, прыцягваліся навуковыя супрацоўнікі. І сёння мы бачым вынік гэтай грунтоўнай, карпатлівай і, галоўнае, выніковай працы. Да канца чэрвеня бягучага года аб’ект плануецца ўвесці ў эксплуатацыю».

Тэмай абмеркавання выязной калегіі стаў стан работы на знакавых аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны краіны. «Беларускі вопыт у гэтым пытанні з’яўляецца ўнікальным, таму што такога падыходу ў арганізацыі работы няма ні ў адной краіне свету, — падкрэсліў ён. — І ўсё гэта хараство належыць дзяржаве, у той час як многія аб’екты ў іншых краінах сталі прыватнай уласнасцю і служаць прадметам заработку. У нас гэтыя аб’екты становяцца цэнтрамі ўвагі з боку нашых жыхароў і шматлікіх турыстаў, падкрэсліваюць нашу вялікую гісторыю і вялікую гісторыка-культурную спадчыну, якім мы па праву ганарымся».

Міністр падкрэсліў, што рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу ў Жылічах была на кантролі кіраўніка дзяржавы. Аб’ект атрымаў больш за Br30 млн фінансавання — вялікія сродкі, якія дазволілі аднавіць гэту ўнікальную мясціну. І такіх аб’ектаў у краіне шмат. «Кожны з гэтых аб’ектаў павінен быць арганічна ўпісаны ў нашу турыстычную і эканамічную дзейнасць, тут павінны праводзіцца мерапрыемствы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага значэння, — прадоўжыў Анатоль Маркевіч. — Бо немалаважнае пытанне — камерцыялізацыя гэтых месцаў. Мы ганарымся нашым здабыткам і хараством, беларускай гісторыяй. Усё гэта важна прыгожа прадставіць сусветнай супольнасці».

Работа па аднаўленні знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны будзе прадоўжана. Наперадзе — сур’ёзныя і амбіцыйныя планы: недзе на стадыі падрыхтоўкі праекта-каштарыснай дакументацыі, недзе пачалі ўжо будаўніча-мантажныя работы.

Толькі ў мінулым годзе на гэтыя мэты па дзяржаўнай інвестпраграме па падтрымцы культуры і мастацтва было накіравана больш за Br50 млн. «Чым больш прыводзім у парадак такіх знакавых аб’ектаў, тым вышэйшы імідж нашай дзяржавы ў сусветнай супольнасці», — рэзюмаваў міністр.

Звязда, 21 чэрвеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/95/69842
Текущая дата: 07.10.2024