Белорусский портал в Казахстане

Магілёў прэтэндуе на права называцца адной з культурных сталіц СНД у 2013 годзе



Аб гэтым паведаміў у інтэрнэт-інтэрв`ю 29 сакавіка выканаўчы сакратар Садружнасці Сяргей Лебедзеў.

Паводле яго слоў, поруч з беларускай ужо ёсць заяўка і ад РФ. Расія прапануе аб`явіць культурнай сталіцай Садружнасці ў наступным годзе Варонеж. У 2014 годзе Таджыкістан прапануе гэтае званне даць Кулябу.

Як сказаў Лебедзеў, у снежні 2011 года Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД прыняў рашэнне аб рэалізацыі сёлета ў пілотным рэжыме міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў Казахстане і Туркменістане, аб`явіўшы Астану і Мары культурнымі сталіцамі СНД у 2012 годзе.

Мэтамі праграмы з`яўляюцца, у прыватнасці, стымуляванне міжкультурнага дыялогу як асновы даверу і паразумення, аб`ядненне культурных патэнцыялаў, садзейнічанне фарміраванню прасторы роўных магчымасцей, развіццё і прасоўванне асобных тэрыторый і гарадоў. Плануецца штогод канцэнтраваць творчыя рэсурсы дзяржаў Садружнасці ў двух гарадах, якія атрымалі статус культурнай сталіцы СНД, і ствараць на гэтай аснове яркую, багатую і разнастайную палітру культурных і гуманітарных мерапрыемстваў.

Да асноўных задач праграмы адносяцца садзейнічанне развіццю сувязей і культурных зносінаў паміж грамадзянамі краін СНД, інтэнсіфікацыя творчых абменаў, абмен вопытам у галіне культурнай палітыкі, стымуляванне росту турыстычнага патоку. Вызначаць стратэгію праграмы і каардынаваць яе рэалізацыю будуць Савет па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва.

"Думаю, што з часам праект стане эфектыўным інструментам міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы культуры, будзе садзейнічаць стварэнню спрыяльнага клімату для эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, павышэнню статусу Садружнасці на міжнароднай арэне", — сказаў Лебедзеў.

Ён паведаміў, што завяршаецца праца над нарматыўным дакументам праграмы — праектам палажэння аб міждзяржаўнай праграме "Культурныя сталіцы Садружнасці". Разгледзець яго плануецца на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у другім паўгоддзі 2012 года пасля адабрэння на Савеце міністраў замежных спраў 6 красавіка ў Астане.

Рашэнне аб аб`яўленні гарадоў культурнымі сталіцамі Садружнасці па прадстаўленні Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД будзе прымаць Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД.

"Мы спадзяёмся, што вопыт рэалізацыі пілотных праектаў гэтай праграмы ў Гомелі,  Ульянаўску (абодва — у 2011 годзе), Астане і Мары будзе садзейнічаць паспяховаму ажыццяўленню мер па далейшым аб`яднанні культурных патэнцыялаў дзяржаў — удзельніц СНД", — сказаў выканаўчы сакратар Садружнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 29 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/952/13084
Текущая дата: 16.11.2024