Белорусский портал в Казахстане

Гендырэктар "Белавія": Умовы, якія дыктуюцца расійскім бокам, лічым непрымальнымі



Нацыянальная авіякампанія "Белавія" гатовая да канкурэнцыі з іншымі авіякампаніямі, але лічыць умовы, што дыктуюцца расійскім бокам, непрымальнымі.

Пра гэта гаворыцца ў каментарыі генеральнага дырэктара НАК "Белавія" Анатоля Гусарава, распаўсюджаным вечарам 27 сакавіка.

Нагадаем, што 26 сакавіка ў 06.21 раніцы па мінскім часе Расавіяцыя, пачынаючы з 07.00 раніцы, у аднабаковым парадку адклікала дазвол на выкананне рэйсаў па маршруце Мінск — Масква, выдадзены ў суботу 24 сакавіка да 30 сакавіка гэтага года.

Да 29 сакавіка дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб выкананні рэйсаў па маршруце Мінск — Масква авіяперавозчыкамі Беларусі і Расіі. У чацвер прадоўжацца перамовы паміж авіяцыйнымі ўладамі дзвюх дзяржаў.

"На заяву расійскага боку аб тым, што беларускі бок забараніў авіякампаніям Расійскай Федэрацыі выкананне рэйсаў у Мінск, хацелася б адзначыць, што менавіта Расавіяцыя прыслала нам тэлеграму аб адкліканні дазволу на выкананне палётаў і беларускія авіяцыйныя ўлады вымушаны былі прыняць адэкватнае рашэнне", — падкрэслівае ў сваім каментарыі Анатоль Гусараў.

"Белавія" лічыць трактоўку міжурадавага пагаднення аб паветраных зносінах і супрацоўніцтве ў сферы паветранага транспарту ад 12 снежня 1997 года, выказаную кампаніяй "Аэрафлот" у афіцыйнай заяве, "занадта аднабаковай, і, у сваю чаргу, будзем у поўнай меры прытрымлівацца дзейнага пагаднення".

"Мы гатовыя весці перамовы, аднак паддавацца на шантаж не збіраемся", — пракаментаваў афіцыйныя заявы расійскага боку гендырэктар "Белавія".

"Лічым, што нечаканае адкліканне Расавіяцыяй раней выдадзенага дазволу, якое прывяло да спынення рэгулярнх паветраных зносін паміж дзвюма сталіцамі, быў справакаваны ААТ "Аэрафлот" для атрымання перавагі на беларускім рынку авіяперавозак. Канстатуем факт, што ва ўгоду сваім камерцыйным інтарэсам "Аэрафлот" прынёс у ахвяру як сваіх, гэтак і пасажыраў "Белавія". Таму ў прэс-рэлізе ад 26 сакавіка 2012 года "Аэрафлот" безагаворачна падтрымаў дзеянні авіяцыйных улад Расіі, якія нанеслі ўрон значнай колькасці пасажыраў "Белавія", "Сібіры", "Ютэйр", "Трансаэра", дый самога "Аэрафлота" ва ўгоду бізнесу адной з расійскіх авіякампаній", — гаворыцца ў каментарыі.

"Мы гатовыя да канкурэнцыі, і гэта пацвярджае прысутнасць на беларускім авіярынку значнай колькасці міжнародных авіякампаній. Аднак умовы, якія дыктуюцца нам расійскім бокам, непрымальныя, таму што найперш фарміруюць на рынку нездаровую канкурэнцыю, якая выцясняе іншых удзельнікаў рынку і ў канчатковым выніку адаб`ецца на інтарэсах пасажыраў", ― падзяліўся Анатоль Гусараў.

"Белавія" таксама нагадвае, што расійскі бок катэгарычна пярэчыць супраць лібералізацыі паветраных зносін і падпісання пагаднення "Адкрытае неба" з Еўрасаюзам, якія б знялі ўсе абмежаванні па палётах паміж РФ і ЕС. Адначасова з гэтым прапаноўваецца беларускаму боку пагадзіцца на аналагічную расійскую прапанову. "Хацелася б даведацца, чаму зусім нядаўна, у лютым гэтага года, расійскім бокам была адхілена ідэнтычная прапанова Германіі", — падкрэсліваецца ў паведамленні беларускай авіякампаніі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 27 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/953/13017
Текущая дата: 16.11.2024