Белорусский портал в Казахстане

Родная мова вяртаецца ў беларускія школы



Пра намер перавесці выкладанне двух школьных прадметаў — гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі — на беларускую мову паведаміў міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч.

— Такая задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю.

Трэба нагадаць, што пераход на выкладанне гісторыі Беларусі на рускую мову адбыўся ў 2006 годзе. І хоць афіцыйна права, на якой мове вывучаць гісторыю Беларусі (рускай або беларускай), было прадастаўлена вучням рускамоўных школ, у вельмі хуткім часе беларуская мова амаль цалкам знікла з урокаў гісторыі ў гэтых школах. А беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі. Арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання заўважылі, што, пачынаючы з 2007 года, колькасць ахвотнікаў здаваць тэст па гісторыі Беларусі на роднай мове з кожным годам змяншалася. І летась цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі пісалі на беларускай мове толькі каля 33% з тых, хто зарэгістраваўся на гэтую дысцыпліну. З кожным годам працягвала змяншацца і колькасць абітурыентаў, якія на абавязковым экзамене па дзяржаўнай мове з дзвюх моў выбіралі беларускую. У 2011 годзе рускую мову пажадалі здаваць падчас ЦТ больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў.

На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэсціравання колькасць тых, хто пажадаў здаваць экзамен на беларускай мове, увогуле выглядала больш чым сціпла: па геаграфіі — 5,2%, матэматыцы — 6,2%, фізіцы — 5,6%, хіміі — 5,5%, біялогіі — 7,2%, сусветнай гісторыі — каля 8,7%, грамадазнаўстве — 2,5%. Можна меркаваць, што гэта статыстыка адлюстроўвае рэальную сітуацыю з колькасцю вучняў, якія навучаюцца сёння ў рускамоўных і беларускамоўных школах.

Міністр адукацыі таксама запэўніў, што пры скарачэнні гуманітарнага блока дысцыплін у ВНУ, неабходнасць якога звязана са скарачэннем тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, пад скарачэнне не трапіць курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". І дадаў, што выкладанне гісторыі Беларусі таксама будзе весціся на беларускай мове.

Надзея Нікалаева
Звязда, 21 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/955/12914
Текущая дата: 16.11.2024