Белорусский портал в Казахстане

Сяргей Каваленка добраахвотна спыніў галадоўку



Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка, які знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках, добраахвотна спыніў галадоўку і пачаў самастойны выхад з яе.

Пра гэта паведаміла яго жонка.

Паводле слоў Алены Каваленкі, сёння Сяргея наведаў яго бацька. "Ён мне паведаміў, што Сяргей пачаў піць сокі і есці сам. Зонд яму ўжо не ставяць, кропельніцы таксама. Настрой у яго нармальны, шмат распытваў пра сям`ю.

Кажа, што абыходжанне ў бальніцы значна лепшае, чым у калоніі "Віцьба-3", — паведаміла жонка апазіцыянера.

Нагадаем, рашэнне аб накіроўванні Сяргея Каваленкі на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара прыняла 10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда. Да атрымання вынікаў экспертызы абласны суд прыпыніў разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска, які 24 лютага прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца ў зняволенні з 19 снежня 2011 года.  У знак пратэсту ён абвясціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі, якая складала 83 кілаграмы. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, таму што прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляў, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/955/13509
Текущая дата: 27.12.2024