Белорусский портал в Казахстане

П`янству - бой



Генеральная пракуратура Беларусі прапаноўвае ўраду прыняць шэраг мер, скіраваных на дэалкагалізацыю насельніцтва.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, з мэтай прадухілення далейшых негатыўных сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў, што ўплываюць на стан нацыянальнай бяспекі краіны, генпракурор Аляксандр Канюк накіраваў прэм`ер-міністру Міхаілу Мясніковічу інфармацыйны ліст. У ім ён прапанаваў разгледзець пытанне аб карэкціроўцы палажэнняў Дзяржпраграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п`янства і алкагалізму на 2011—2015 гады, распрацаваўшы механізм эфектыўных мер па зніжэнні ўзроўню спажывання алкаголю, паэтапным скарачэнні аб`ёму вытворчасці нізкагатунковых пладовых він (моцных ардынарных, пладовых моцных марачных, у тым ліку палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі) са спыненнем іх выпуску і продажу да 2016 года.

Генпракурор прапанаваў ураду даручыць Міністэрству гандлю сумесна з зацікаўленымі структурамі распрацаваць праект закона, які б прадугледжваў рэгламентацыю гандлю спіртнымі напоямі ў начны час, іх рэалізацыю толькі праз спецыялізаваныя аддзелы. Даручыць Міністэрству аховы здароўя падрыхтаваць змяненні ў заканадаўства, скіраваныя на забарону рэалізацыі алкагольных напояў асобам маладзейшым за 21 год.

Генпракуратура лічыць неабходным актывізаваць дзейнасць мясцовых органаў улады ў частцы арганізацыі правядзення лакальных эксперыментаў па абмежаванні даступнасці алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва па часе, пры арганізацыі выязнога гандлю, каля буйных прамысловых прадпрыемстваў з улікам рэжыму іх працы.

З мэтай абмежавання даступнасці алкаголю і яго празмернага ўжывання Міністэрству фінансаў, Міністэрству эканомікі і Міністэрству па падатках і зборах прапаноўваецца разгледзець пытанне аб павышэнні велічыні акцызаў і цэн на алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва ў залежансці ад віду гэтай прадукцыі (аб`ёмнай долі этылавага спірту) і іншых знешніх фактараў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/956/12825
Текущая дата: 16.11.2024