Белорусский портал в Казахстане

Новы закон аб рэкламе абавяжа банкі ўказваць у рэкламе поўную інфармацыю аб працэнтах па ўкладах



Праект новага закона аб рэкламе, ужо прыняты беларускімі дэпутатамі ў першым чытанні, прадугледжвае абавязковае ўказанне банкамі поўнай інфармацыі аб працэнтах па ўкладах.

Аб гэтым 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч.

Паводле яе слоў, існуючы закон аб рэкламе дазваляе банкам не ўказваць, што працэнтныя стаўкі па ўкладах грамадзян могуць быць па жаданні банка паменшаны. "У праекце закона аб рэкламе мы прадугледзелі, каб банкі, калі рэкламуюць свае паслугі, абавязкова ўказвалі поўную інфармацыю. На сёння рэкламы шмат, "замануха" ёсць, а банкі штосьці замоўчваюць — заканадаўства пакуль дазваляе — і гэта выклікае раздражненне ў спажыўца. Ён не разумее, чаму ў рэкламе ён пачуў адно, прыйшоў у банк, а там зусім іншае", — адзначыла Наркевіч.

Намеснік міністра падкрэсліла, што ўзаконенае парушэнне правоў спажыўцоў банкаўскім кодэксам, а менавіта: права банкаў мяняць у аднабаковым парадку памер стаўкі па банкаўскім укладзе, не працуе на спажыўца. У сувязі з гэтым праект закона аб рэкламе прадугледжвае наяўнасць у рэкламе банкаўскіх паслуг папярэджання аб такой норме, "каб спажывец разумеў, што ў банка ёсць гэтае права". "Тады спажывец будзе больш якасна рабіць выбар", — патлумачыла Наркевіч.

БелаПАН
14 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/957/12725
Текущая дата: 16.11.2024