Белорусский портал в Казахстане

Камісія па памілаванні пры прэзідэнце разгледзела пытанне ў дачыненні да Кавалёва і Канавалава



Камісія па памілаванні пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь разгледзела пытанне ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных на смяротную кару за тэракт у мінскім метро.

Пра гэта паведаміў член камісіі Мікалай Самасейка, кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях.

Аднак аб тым, якое рашэнне прынята камісіяй, ён паведамляць не стаў і заявіў, што гэта — прэрагатыва прэзідэнта.

Адмовіўся Самасейка адказваць і на пытанне, ці разглядаліся на пасяджэнні прашэнні аб памілаванні, напісаныя на імя Аляксандра Лукашэнкі экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым і яго даверанай асобай на выбарах 2010 года Дзмітрыем Бандарэнкам.

Смяротны прыгавор Дзмітрыю Канавалаву, прызнанаму вінаватым у выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, і Уладзіславу Кавалёву — за саўдзел у тэрарызме Вярхоўны суд Беларусі вынес 30 лістапада 2011 года. Кавалёў напісаў прашэнне прэзідэнту аб памілаванні, Канавалаў, паводле афіцыйнай інфармацыі, — не.

Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. У канцы студзеня стала вядома, што ён напісаў прашэнне аб памілаванні. Паводле слоў жонкі палітыка Ірыны Халіп, яно было напісана яшчэ 20 лістапада 2011 года пад уздзеяннем катаванняў. Аднак у МУС сцвярджаюць, што Саннікаў напісаў прашэнне 23 снежня, і 23 студзеня яно было перададзена ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Дзмітрый Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. Асуджанаму, у прыватнасці, забаранілі карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзе, насіць мяккі абутак, які яму перадала жонка, абавязалі выходзіць на працу, на паверку на плац, хадзіць у страі. Пасля таго, як 1 лютага Бандарэнка падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 13 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/958/12706
Текущая дата: 16.11.2024