Белорусский портал в Казахстане

У Віцебскім раёне прайшоў V абласны фестываль «Волаты Прыдзвіння»



Прыдзвінне паэтычна называюць краем герояў, цудаў і легенд. Жыве і дагэтуль памяць аб беларускім Гуліверы, што праславіў Віцебшчыну далёка за яе межамі.

Сёння, здаецца, усе ведаюць аб самым высокім чалавеку ў свеце Фёдары Махнове, рост якога быў 2 метры 85 сантыметраў. Не толькі сваім ростам і сілай, але і яркай артыстычнай дзейнасцю ён увайшоў у гістарычны летапіс раёна, стаўшы брэндам і візітнай карткай Прыдзвінскага краю.

Федзя нарадзіўся ў 1878 годзе ва ўрочышчы Касцюкі Старасельскай воласці. Першыя сем гадоў жыцця хлопчык нічым не выбіваўся сярод дзятвы, а пасля пачаў так хутка расці, што ў 12 гадоў яго рост быў больш за 2 метры. Валодаў велікан і надзвычайнай сілай: адной рукой мог гнуць падковы, закручваць у вузел жалезныя пруты, а ўдарам кулака разбіваць цагліну. Але характар Фёдар Андрэевіч меў добры і вясёлы, любіў граць на гармоніку. У юнацтве працаваў на рацэ Заронаўка, ачышчаў яе ад камянёў. Па адной з афіцыйных версій смерці велікана, менавіта гэта паўплывала ранні яго сыход — застудзіў ногі.

Адным днём на мясцовым рынку Махноў сустрэўся з уладальнікам нямецкага цырку Ота Біліндэрам, які адразу зацікавіўся волатам і ўпрасіў бацьку Фёдара адпусціць яго на гастролі. Велікан у шыкоўнай вопратцы — плісавых шараварах, чырвонай кашулі і рамізніцкай шапцы з паўлінавымі пёрамі — здзіўляў адным сваім выглядам. Важыў ён 186 кілаграмаў, далонька была даўжынёй 32 сантыметры, а нага — 51. Месцічы ўспаміналі, што ў абутку велікана магло схавацца дзіця, а яго вясельны пярсцёнак налазіў на тры пальцы звычайнага мужчыны. Існуе і такі факт, што падчас шматлікіх цыркавых гастроляў каронным нумарам Махнова было падняцце драўлянай платформы з аркестрам з трох чалавек. 

Пазней у Фёдара Андрэевіча былі вялікія цыркавыя гастролі, падчас якіх ён стаў сапраўды сусветна вядомым. Ён сустракаўся з Прэзідэнтам ЗША, быў на балу ў англійскай каралевы, піў чай з канцлерам Германіі, быў на афіцыйным прыёме ў Папы Рымскага... Пасля шматлікіх гастроляў волат вярнуўся на радзіму, у вёску Касцюкі. Купіў маёнтак, пабудаваў свой млын, быў у Махнова і асабісты іпадром. Ажаніўся з настаўніцай Ефрасінняй Лебедзевай, у сям’і нарадзілася пяцёра дзяцей, але ніхто з іх не быў такім высокім. 

Памёр у 34 гады, быў пахаваны на грамадзянскіх могілках, а пасля астанкі эксгумавалі для вывучэння. Падчас вайны яны зніклі, зараз у Касцюках застаўся толькі надмагільны камень і, па некаторых крыніцах, рэшткі яго адзення. А месца, дзе жыў волат, дагэтуль называюць Веліканавым хутарам. 

Сёлета, 17 чэрвеня, у аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна прайшоў пяты фестываль «Волаты Прыдзвіння», прысвечаны земляку-велікану і вулічнаму мастацтву. Свята прыйшлося і на яшчэ адзін юбілей — 145-годдзе са дня нараджэння Фёдара Андрэевіча.

Абласны форум сабраў на вялікай пляцоўцы 45 творчых калектываў паўночнага рэгіёна і звыш тысячы ўдзельнікаў і гасцей, сярод якіх па добрай традыцыі не першы год прысутнічалі родзічы велікана з Віцебску і Масквы.

«Яркі і самабытны фестываль вулічнага і цыркавога мастацтва „Волаты Прыдзвіння“ з’яўляецца знакавай падзеяй у культурным жыцці раёна. Са сваёй пяцігадовай гісторыі ён два гады носіць статус абласнога. Сённяшні фэст сабраў самых адораных і творчых людзей з усіх куткоў Віцебскай вобласці. Радуе, што фестываль не стаіць на месцы: яго праграма з кожным годам папаўняецца новымі ініцыятывамі і намінацыямі. Хочацца верыць, што фестывальныя сустрэчы на нашай гасціннай зямлі, будуць садзейнічаць захаванню і ўзбагачэнню бескаштоўнай спадчыны беларускай культуры», — звярнуўся да гасцей і ўдзельнікаў форуму старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч. 

Да позняй ночы ў аграгарадку не сціхала музыка, працавалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі. Асаблівым інтарэсам карысталася выстава дамашніх сабачак «Хвосцік-шоў», дзе 15 чатырохлапых сяброў чалавека дэманстравалі свае ўменні і незвычайныя касцюмы. Сярод тых, хто выбіваўся з агульнага натоўпу яркім іміджам, — пудзель Ліза, такая ж яркая і модная, як і яе гаспадыня Дар’я Башкова з Оршы. Яны прыязджаюць на фестываль ужо пяты год, і заўсёды не застаюцца без увагі і заслужаных узнагарод. 

Першы раённы забег на абцасах «Ледзі-волат» сабраў на фестывальнай алеі 10 удзельніц. Абавязковым атрыбутам жаночай 100-мятроўкі сталі абцасы вышэй за 9 сантыметраў, дзелавыя касцюмы і, вядома, шырокія ўсмешкі. Не толькі самай пластычнай, але і самай спартыўнай удзельніцай стала харэограф Кіраўскага дома культуры Анастасія Дзяругіна. 

Для самых маленькіх гасцей фестывалю арганізатары таксама падрыхтавалі пляцоўку для забаў і спаборніцтваў: ім прапанавалі паўдзельнічаць у гонках на машынах, спартыўнай эстафеце, дэфіле на лепшы парны вобраз маці і дзіцяці. Асаблівым попытам не толькі ў малых, але і ў дарослых людзей, карысталася пад’ёмная люлька віцебскіх ратавальнікаў – з вышыні птушынага палёту від на фестываль адкрываўся цудоўны. 

Вечарам фестываль сабраў аматараў хуткасці і двух колаў у рамках байкер-фэста «Сапраўдны волат», агеньчыку ў натуральным сэнсе вячэрняй праграме дадало музычна-вогне-піратэхнічнае шоў групы Paradox і калектыва Shine Flow. 

Аўтар: Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 18 чэрвеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/96/69767
Текущая дата: 07.10.2024