Белорусский портал в Казахстане

Мядзельшчына прыняла рэспубліканскі фестываль «Пеўчае поле»



Мядзельскі раён на працягу трох дзён з 16 па 18 чэрвеня прымаў рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». У мерапрыемстве ўдзельнічала 27 калектываў з усіх куткоў Беларусі.

Пачатак фестывалю адбыўся ў курортным пасёлку Нарач. Перад удзельнікамі і гасцямі выступілі аматарскія калектывы, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры».

17 чэрвеня мерапрыемствы былі зладжаны ў Мядзеле. У мясцовым раённым Цэнтры культуры можна было пабачыць конкурсныя выступленні вакальна-харавых калектываў з народнай манерай выканання, а ў касцёле Божай Маці Шкаплернай — з акадэмічнай манерай выканання.

Усе ахвотныя таксама змаглі атрымаць асалоду ад канцэрта Нацыянальнага народнага хору імя Цітовіча, Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы «Чысты голас». Пабачыць узнагароджанне пераможцаў, выступленні лаўрэатаў конкурсу і зводнага хору. А вечарам у гонар фестывалю адбыўся салют. Усім гасцям і ўдзельнікам уручаны падарункі.

Таццяна Лазоўская
Звязда, 19 чэрвеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/96/69796
Текущая дата: 07.10.2024