Белорусский портал в Казахстане

Старт фотапраекта: таты з розных сфер дзеляцца сваім досведам і натхняльнымі прыкладамі бацькоўства



Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі аб’явілі аб запуску маштабнага фотапраекта пра адказнае бацькоўства.

У праекце прымуць удзел каля 30 татаў з розных рэгіёнаў краіны. Яны раскажуць, як бавяць час з дзецьмі і падзеляцца бацькоўскім вопытам, каб натхніць іншых бацькоў не ўпускаць дзіўнай магчымасці быць часткай жыцця сваіх дзяцей.

Актыўны ўдзел бацькі ў выхаванні важны, таму што таты маюць унікальны ўплыў на дзяцей. Дзіцячыя каштоўнасці, перакананні, эмацыйнае і сацыяльнае развіццё хлопчыкаў і дзяўчынак трывала звязаны з бацькоўствам. Дзеці лепш вучацца рэгуляваць свой эмацыянальны стан, становяцца больш псіхалагічна ўстойлівымі і больш адкрытымі, калі іх бацькі актыўна ўдзельнічаюць у іх выхаванні, адукацыі і сацыялізацыі.

Паводле звестак Шматіндыкатарнага кластарнага абследавання Белстата і ЮНІСЕФ 2019 года для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын, у Беларусі маці ў тры разы часцей за бацькоў займаюцца з дзіцем чатырма або больш відамі адукацыйнай дзейнасці. Так, напрыклад, толькі 14 працэнтаў бацькоў чытаюць дзецям.

Каб натхніць бацькоў больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваіх дзяцей, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з ЮНІСЕФ стварылі фотагісторыі бацькоў розных прафесій з усіх куткоў краіны.

Улетку фотакалекцыя будзе папаўняцца новымі гісторыямі, а завершыцца фотапраект маштабнай выставай у нацыянальны Дзень бацькі – 21 кастрычніка.

Надзея Нікалаева
Звязда, 20 чэрвеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/96/69826
Текущая дата: 07.10.2024